Паплечнік Тадэвуша Касцюшкі
Тамаш Ваўжэцкі


Вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч Польшчы, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 г. пераемнік легендарнага Т. Касцюшкі, палымяны патрыёт сваёй айчыны і краю, генерал і сенатар Тамаш Ваўжэцкі нарадзіўся 7 сакавіка 1753 г. Па рознаму ў літаратуры ўказваецца месца нараджэння Ваўжэцкага. Называюцца Відзы ці маёнтак Мейшты (цяпер Ігналінскі раён Літвы). Але безумоўна адно, - гэта была тэрыторыя гістарычнага Браслаўскага павета. Тут на працягу некалькіх стагоддзяў Ваўжэцкія адыгрывалі значную ролю і, пераш чым перайсці да постаці Тамаша, неабходна зрабіць невялікі гістарычны экскурс. Ваўжэцкія паходзяць з Польшчы. У XVI ст. адзін з іх - Ваўжынец са Скшэтушава адправіўся ў Літву і даў пачатак роду, які асеў на Браслаўшчыне. Унук першага перасяленца пачаў пісацца Ваўжэцкім. Аб ім вядома, што ён валодаў Відзы-Лаўчынскімі.


Т. Ваўжэцкі ў апошнія гады жыцця.

Паступова род даў разгалінаванні і завалодаў значнымі землямі вакол Відзаў. У Відзаўскім інвентары 1731 г. прозвішча Ваўжэцкіх сустракаецца сярод уладальнікаў маёмасці, а згодна інвентару 1794 г. ім належыла 50 дамоў са 192, што налічваліся ў Відзах. Некаторыя з Ваўжэцкіх займалі адказныя пасады ў павеце. Ёсць звесткі, што ў канцы XVII - пачатку XVIII ст. браслаўскім земскім суддзёй быў Яраш Ваўжэцкі, а сын яго Антоній выбіраўся паслом у Сойм 1733 г. ад Браслаўскага павета. Былі сярод іх стольнікі, харунжыя, маршалкі і г. д. Але ці не найбольшую вядомасць набылі Ваўжэцкія з-за свайго буянага нораву. Нездарма іх параўноўвалі з Кміціцам, героем рамана Г. Сянкевіча "Патоп". Не аднойчы суседзі, арандатары, сяляне паспыталі наезды, гвалт і беззаконне з боку гэтых шляхцічаў. У XVIII ст. Антоні Ваўжэцкі даў важкі фундуш езуітам, якія адкрылі ў Відзах, дзякуючы гэтаму, сваю рэзідэнцыю, пабудавалі школу, касцёл. Аднак сыну яго Аляксандру такое суседства не вельмі спадабалася. У 1769 г. ён робіць нечакана напад на фальварак манахаў у Горах і забірае ўсю маёмасць. Нават падлогу, вокны, дзверы.

Гэты самы Аляксандр і быў бацькам Тамаша. Усяго ў яго сям'і было пяцёра дзяцей - дзве дачкі і тры сыны. Старэйшы, Бенедыкт, быццам увабраў у сябе горшыя рысы роду Ваўжэцкіх. Яго баяліся суседзі. Не раз ён распачынаў з імі спрэчкі з-за зямлі і, ужываючы сілу, дабіваўся свайго. Бенедыкт валодаў Мейштамі, Горамі, Ждэгелямі, Відзамі, значнымі зямельнымі надзеламі. У адрозненне ад брата, іншых родзічаў Тамаш Ваўжэцкі прысвяціў жыццё абароне законнасці, аддаўшы перавагу палітычным сродкам барацьбы, а на схіле жыцця - дабрачыннай дзейнасці.

Аб дзіцячых, юнацкіх гадах Тамаша Ваўжэцкага звестак вельмі мала. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у Відзаўскай езуіцкай школе. Пасля практыкаваўся ў земскіх судах, дзе глыбока пазнаёміўся з правам. Гэта дало магчымасць выбраць далейшы напрамак дзейнасці. Досыць рана Тамаш ажаніўся. Але шлюб з Юзэфай Пац - дачкой пісара Вялікага княства Літоўскага Міхала Паца - быў беспатомны. Жонка памерла ў маладым узросце.

Пачынаць сваю дзейнасць маладому Ваўжэцкаму давялося са становішча сярэднезаможнага шляхціча і чыну харунжага Браслаўскага павета. Грамадскую і палітычную дзейнасць Тамаш распачаў у Ковенскім павеце, дзе знаходзіўся маёнтак жонкі. Там ён займаў шэраг пасад, паказаў сябе актыўным дзеячам і неўзабаве звярнуў на сябе ўвагу. Яго некалькі разоў вылучалі дэлегатам у сойм ад Ковенскага павета. Але такому руху Ваўжэцкага процістаялі некаторыя ўплывовыя магнаты і на сойміках ён не быў абраны. Тады Тамаш Ваўжэцкі вяртаецца на Браслаўшчыну. Разам з суддзёй Станіславам Мірскім мясцовая шляхта выбірае яго на знакаміты Чатырохгадовы Сойм 1788-1792 гг., які адыграў важную ролю ў гісторыі Польшчы, Літвы і Беларусі.

Неабходнасць перамен адчувалася на ўсіх узроўнях грамадства. Цікава, што ў наказе-інструкцыі сваім дэпутатам браслаўская шляхта выказвала вельмі слушныя і прагрэсіўныя думкі - ёсць там заклапочанасць аб стварэнні моцнай арміі, аб папаўненні дзяржаўнай казны за кошт духавенства, аб неабходнасці пайсці на ахвяраванні дзеля інтарэсу краіны. Тамаш Ваўжэцкі апраўдаў спадзяванні браслаўчан. У Сойме ён пастаянна выступаў як абаронца інтарэсаў мяшчан, дробнай шляхты, як прыхільнік прагрэсіўных рэформ. Ён паказаў сябе як таленавіты аратар. Лагічныя, яскравыя яго прамовы ўражвалі паслоў, рабілі Тамаша папулярным у Сойме і сярод варшаўскага люду. Аб ім складалі вершы, на браслаўскага дэлегата звярнуў ўвагу кароль Станіслаў Аўгуст.

169 разоў браў слова Т. Ваўжэцкі на Сойме. Ён выступаў у абарону сялянства, за паляпшэнне яго долі. I не толькі выступаў. У сваіх маёнтках ён скасаваў паншчыну, даў сялянам вольную. Заклікаючы дзеля выратавання айчыны пайсці на ахвяраванні, ён і на гэты раз падмацаваў словы справай - 23 мая 1791 г. ахвяраваў у казну 5400 злотых. 30 сакавіка 1791 г. Т. Ваўжэцкі выступіў з прапановай у абарону правоў гараджан. Ён выказаў нязгоду з тым, што мяшчанам меркавалася даць прадстаўніцтва ў Сойме толькі з дарадчым голасам.

Адным з найболыпых дасягненняў Чатырохгадовага Сойма было прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г., якая аказалася адной з самых прагрэсіўных у Еўропе і ўспрымалася рэакцыйнымі коламі як працяг рэвалюцыі ў Францыі, як водгук на яе дэвіз: "Воля, роўнасць, братэрства".Т. Ваўжэцкі належыў да партыі, якая падрыхтавала Канстытуцыю, быў адным з тых, хто падпісаў ліст у яе падтрымку напярэдадні абвяшчання, а пасля горача абараняў ідэі Канстытуцыі ў Сойме.

Найболыш яскравая старонка жыцця Т. Ваўжэцкага - удзел у паўстанні 1794 г., дзе ён паказаў сябе, як адданы паплечнік Т. Касцюшкі, стаў яго пераемнікам на пасадзе камандуючага ўзброенымі сіламі паўстання на заключнай стадыі барацьбы.

Калі ў Варшаву прыйшлі весткі аб уступленні царскіх войск на тэрыторыю Беларусі і Літвы, Т. Ваўжэцкі накіроўваецца ў якасці саветніка ў армію Вялікага княства Літоўскага, якая пацярпела некалькі паражэнняў і адышла ў глыб краіны. Уладу ж у Рэчы Паспалітай захапілі прыхільнікі рэакцыйнай Таргавіцкай канфедэрацыі, да якой прымкнуў і кароль Станіслаў Аўгуст. У гэтых абставінах частка патрыятычна настроенай шляхты, сярод якой быў і Тадэвуш Касцюшка, эмігрыравала з мэтай падрыхтаваць вызваленчае паўстанне. Тамаш Ваўжэцкі і яшчэ група дзеячоў засталіся ў Гародні разам са Станіславам Аўгустам, спадзяючыся, што ўдасца палітычнымі сродкамі пераканаць Расію ў неабходнасці захавання незалежнасці Польшчы. Аднак неўзабаве Т. Ваўжэцкі страціць такую надзею і ад'едзе ў Літву, дзе актыўна ўключыцца ў падрыхтоўку паўстання. У ноч з 11 на 12 красавіка вялікая група арганізатараў узброенага выступлення, у тым ліку і Т. Ваўжэцкі, былі арыштаваны ў Вільні і Гародні. Аднак Ваўжэцкаму ўдалося ўцячы.

16 красавіка пачалося паўстанне на тэрыторыі Літвы і Беларусі (у Польшчы - 24 сакавіка). Тамаш Ваўжэцкі пачаў выступленне на Браслаўшчыне, у Відзах, узброіўшы на ўласныя грошы 300 чалавек.

У Вільні быў створаны часовы рэвалюцыйны ўрад Літвы і Заходняй Беларусі - Найвышэйшая літоўская рада, якая 24 красавіка выпусціла маніфест аб далучэнні да паўстання і заклікала зброяй здабываць вольнасць і роўнасць, абвясціла дэвіз "За нашую і вашую вольнасць!".

У склад рады ўвайшлі 28 чалавек, сярод якіх быў Т. Ваўжэцкі. Яна выступала з больш радыкальнымі, болыш левымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. У яе рабоце актыўна ўдзельнічаў і Т. Ваўжэцкі. Ён часта выступаў у Вільні з прамовамі на мітынгах. 11 мая 1794 г. разам з вядомым кампазітарам, удзельнікам паўстання М. К. Агінскім аглядаў атрад гарадской гвардыі і выступаў перад яе байцамі з палітычнай прамовай.

Найбольш актыўнай зонай паўстання была Жмудзь, дзе мелася каля 8 тысяч чалавек. Аднак былі яны дрэнна ўзброены і абучаны. Адсутнічала і адзінае камандаванне. 12 мая Найвышэйшая рада прызначае Т. Ваўжэцкага камандуючым узброенымі сіламі паўстанцаў у гэтым краі. Робіцца гэта ў разліку на вялікую папулярнасць і вядомасць Тамаша сярод шляхты. Штаб-кватэра камандуючага размяшчалася ў Панявежы. Ваўжэцкі настойліва ўзяўся за арганізацыю корпуса з адзіным камандаваннем. Зрабіць гэта было няпроста, бо пад яго началам апынуліся некаторыя камандзіры з генеральскімі чынамі. Нечаканасцю для Ваўжэцкага было і тое, што Касцюшка назначыў яго членам Найвышэйшай нацыянальнай рады - вышэйшага органа ўсяго паўстання і прысвоіў званне генерал-лейтэнанта.

Корпус Т. Ваўжэцкага спачатку дзейнічаў у Жмудзі, а ў чэрвені 1794 г. узяў кірунак на Курляндыю. 3 прыходам туды корпуса частка насельніцтва краю падтрымала паўстанне. Асаблівую сімпатыю ў людзей выклікала абвяшчэнне волі для сялян. Вялікае значэнне мела заняцце корпусам Т. Ваўжэцкага горада Лібавы - порта на Балтыйскім моры, праз які можна было закупляць зброю для паўстанцаў. Гэты ваенны поспех Ваўжэцкага высока ацаніў Т. Касцюшка. Аднак у ліпені абстаноўка ў Курляндыі зменіцца не ў карысць паўстанцаў, і ў пачатку месяца Ваўжэцкі будзе вымушаны вывесці корпус з яе тэрыторыі. Трывожныя чуткі аб наступленні і поспехах царскіх войскаў ішлі з Літвы. 12 жніўня паўстанцы здалі Вільню. У гэтай сітуацыі Ваўжэцкі прымае рашэнне пакінуць Курляндыю. Пад націскам расійскіх войск у вельмі складаных і цяжкіх умовах ён адводзіць свой корпус усё далей на захад. 20 верасня салдаты Ваўжэцкага, да якіх далучыліся дробныя атрады, прыбываюць у Гародню. Сюды 30 верасня прыязджае і Касцюшка, каб асабіста пазнаёміцца са станам літоўскага войска. Была праведзена рэарганізацыя, з яго вылучаліся дзве дывізіі, адной з якіх, дзе налічвалася 5,5 тысячы чалавек, Касцюшка прызначыў камандаваць Т. Ваўжэцкага. Тамаш цвяроза ацэньваў свае здольнасці і падкрэсліваў, што ён можа быць добрым партызанам, але не ваенаначальнікам. Аднак быў вымушаны прыняць камандаванне. Перад ад'ездам Т. Касцюшка ўручае найбольш выдатным дзеячам паўстання ўзнагароды - залатыя пярсцёнкі з надпісам: "Айчына свайму абаронцу". Т. Ваўжэцкі атрымаў пярсцёнак за нумарам 46.

Тагачасныя абставіны вымусілі Касцюшку сканцэнтраваць свае сілы пад Варшавай. Туды былі накіраваны і паўстанцы з Літвы. Наступілі халады. Дрэнна забяспечаныя літоўскія атрады зведалі вялікія нягоды. Да таго ж, апынуўшыся ўдалечы ад родных мясцін і страціўшы надзею на хуткае вяртанне, многія пачалі дэзертыраваць з арміі.

10 кастрычніка 1794 ў бітве пад Мацяевіцамі рускія войскі пад камандаваннем А. Суворава разбілі войскі Т. Касцюшкі. Сам ён паранены трапіў у палон. Вестку аб гэтым Ваўжэцкі атрымаў 14 кастрычніка разам з паведамленнем, што Найвышэйшай радай ён выбраны камандуючым узброенымі сіламі паўстання. Сваё прызначэнне на пасаду камандуючага войскамі паўстанцаў Т. Ваўжэцкі лічыў памылковым. Яшчэ раней ён цвяроза ацаніў свае ваенныя здольнасці, калі падкрэсліваў, што можа быць добрым партызанскім камандзірам, аднак не палкаводцам. У Найвышэйшую раду Т. Ваўжэцкі накіроўвае ліст, дзе піша: "...зграшыў бы супраць Айчыны, здрадзіў бы народу і самому сабе, падняўшы гэты цяжар, які несці і які вытрымаць, упэўнены, не здолеў бы".

16 кастрычніка Тамаш Ваўжэцкі прадстаў перад радай, дзе яшчэ раз паспрабаваў растлумачыць сваю пазіцыю. Аднак вымушаны быў уступіць яе жаданню і прынесці прысягу ў якасці камандуючага паўстаннем. Выбары Ваўжэцкага на такі высокі пост былі абумоўлены палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў Найвышэйшай радзе. У ёй вылучыліся два крылы - правае, што складалася з магнатаў і іх прыхільнікаў, якіх палохала рэвалюцыйная актыўнасць сялян. Усё выразней у гэтым крыле набірала сілу думка аб спыненні паўстання. Левае ж, рэвалюцыйнае, ці якабінскае крыло, выступала за тое, каб пад лозунгам выратавання Айчыны аб'яднаць ва ўзброенай барацьбе ўсе патрыятычныя сілы краіны. Касцюшка афіцыйна не належыў да ніводнага з гэтых напрамкаў. Аднак яго сімпатыі былі на баку левых. Левыя і вылучылі кандыдатуру Т. Ваўжэцкага, бо ён таксама не належыў ні да адной партыі і разам з тым лічыўся патрыётам Айчыны. Не былі супраць гэтай кандыдатуры і правыя, беручы ў разлік блізкасць Ваўжэцкага да караля Станіслава Аўгуста. Не апошнюю ролю адыграла і вялікая папулярнасць Тамаша Ваўжэцкага сярод шляхты, мяшчан, засвае прагрэсіўныя і патрыятычныя перакананні.

Сам Ваўжэцкі добра разумеў, што да папулярнасці свайго легендарнага папярэдніка яму вельмі далёка: "Ведаю я розніцу, якая... існуе паміж камандуючым, воляй народа прызнанага, і камандуючым, папрапанове толькі Рады выбраным", - пісаў ён.

Становішча паўстанцаў было вельмі складаным. У кастрычніку расійскія войскі пад камандаваннем А. Суворава наблізіліся да Варшавы, дзе былі сканцэнтраваны асноўныя войскі паўстанцаў, вырашыўшых абараніць сталіцу. У пачатку лістапада Сувораў пачаў блакаду Прагі - прадмесця Варшавы і інтэнсіўную падрыхтоўку да яе штурму. Сярод паўстанцаў у тыя дні вялікай папулярнасцю карысталіся словы з пракламацыі, якую напісаў Ваўжэцкі. У ёй гаварылася: "Жыць ці памерці вольнымі". 14 тысяч паўстанцаў абаранялі Прагу. 25-тысячнае войска было ў Суворава. 4 лістапада пасля штурму прадмесце Варшавы пала. Ваўжэцкі, які непасрэдна кіраваў бітвай, адным з апошніх адышоў па мосце ў Варшаву.

Уцалелыя паўстанцкія часці камандуючы выводзіць з горада, каб працягваць паўстанне. Аднак частка арміі засталася з каралём, які не захацеў выехаць са сталіцы. Да таго ж войскі Ваўжэцкага моцна парадзелі ў выніку дэзертырства, сутычак з царскімі войскамі. Зыходзячы з безнадзейнасці далейшага змагання, Т. Ваўжэцкі пад мястэчкам Радашыцы 16 лістапада прыняў умовы капітуляцыі, прапанаваныя А. Суворавым. 18 лістапада генерал быў узяты ў палон. 22 лістапада Т. Ваўжэцкі і яшчэ некалькі ваенаначальнікаў войск паўстанцаў прадсталі перад Суворавым. Усім была паабяцана воля пры ўмове, што кожны паставіць свой подпіс пад дакументам-абавязацельствам не выступаць са зброяй у руках супраць Расіі. Т. Ваўжэцкі такі подпіс не паставіў і таму быў адпраўлены ў Пецярбург, дзе прабыў два гады ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Калі рускім імператарам стаў Павел I, усе паўстанцы 1794 г. былі амнісціраваны. Т. Ваўжэцкі вяртаецца на радзіму і на першым часе адыходзіць ад грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Увогуле аб заключным перыядзе жыцця Тамаша Ваўжэцкага звесткі эпізадычныя. Але многія з іх вельмі цікавыя. У 1807 г., у сувязі з актыўным рухам расійскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі і Літвы, тут з'явілася вялікая колькасць дызерціраў, марадзёраў, якія аб'ядноўваліся ў банды, нападалі на вёскі, рабавалі насельніцтва. Т. Ваўжэцкі арганізаваў у Віленскай губерніі грамадзянскую ахову, узначаліў яе і дабіўся поўнага знішчэння банд.

У 1808 г. Тамаша запрашаюць да імператара Аляксандра I з прапановай арганізаваць польскія вайсковыя часці пры арміі Расіі. Аднак Ваўжэцкі адмовіўся. У гэтым жа годзе ён быў абраны старшынёй таварыства дабрачыннасці ў Вільні. Там пры актыўным удзеле Ваўжэцкага ствараецца інстытут мацярынства для ўбогіх парадзіх.

3 часам мяняюцца палітычныя погляды Ваўжэцкага - ён становіцца прыхільнікам ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай з дапамогай расійскага імператара. Калі ў 1812 г. частка польскага грамадства выступіла за саюз з Напалеонам, Ваўжэцкі быў сярод тых, хто стаў на бок Расіі. У пачатку вайны 1812 г. ён узначальваў камітэт у Літве па забеспячэнню расійскай арміі харчаваннем. Ёсць цікавыя звесткі і аб арганізацыі Ваўжэцкім на Браслаўшчыне атрада грамадзянскай міліцыі, які ахоўваў мясцовае насельніцтва ад марадзёраў. Пры наступленні французскіх войск Ваўжэцкі выехаў у Пецярбург. У пасляваенныя часы, калі ўрад Расіі пайшоў на стварэнне царства Польскага, якое карысталася ў складзе імперыі пэўнай аўтаноміяй, Т. Ваўжэцкі займае пасады міністра юстыцыі, ваяводы, быў сенатарам. Аднак займацца актыўнай палітычнай дзейнасцю яму перашкаджала цяжкая хвароба.

Апошнія месяцы жыцця Т. Ваўжэцкі праводзіць у Відзах-Лаўчынскіх, дзе карыстаецца мясцовымі лячэбнымі сярністымі водамі. 5 жніўня 1816 г. ён тут памёр і быў пахаваны ў Відзах. Магіла знаходзілася побач з невялікім драўляным касцёлам, які належыў канонікам рэгулярным. Яна была знішчана ў гады першай сусветнай вайны.

У 30я гг. XX ст. магілу аднавілі, над ёй паставілі крыж, тэрыторыю вакол добраўпарадкавалі. У фондах музея захоўваецца аматарскі фотаздымак помніка 50х гг. Магіла пачала ўжо прыходзіць у заняпад, але яшчэ захоўваліся крыж і пліта, праўда, разламаная на дзве часткі. Са здымка бачна, што большую частку пліты займае тэкст. Унізе ж змешчана выява гербу Ваўжэцкіх Трубы, па перыметру пліта аздоблена рамкай.

Цяпер, перад тым, як прадоўжыць расказ аб гісторыі магілы Ваўжэцкага ў Відзах, трэба зрабіць невялікае адступленне.

Пасля смерці Т. Ваўжэцкага на сродкі яго брата Юзэфа, генерала расійскіх войск, у кафедральным саборы г. Вільні быў устаноўлены памятны знак. Аб ім дае наступныя звесткі В. Загорскі ў кнізе "Віленская кафедра" (1904 г.): "Высока на сцяне пры самых дзвярах, якія вядуць у закрысцію, ёсць надмагілле Тамашаз Скшэтушава Ваўжэцкага, сябра па зброі Касцюшкі, былога старшыні таварыства дабрачыннасці ў Вільні, сенатара і ваяводы... Паміж двума плоскімі калонамі карынфскага ордэра знаходзіцца вялікая табліца з доўгім надпісам, аздобленая рамкамі. На табліцы ўнізе герб Ваўжэцкіх. Над гзымсам у паўкруглым паглыбленні змешчаны бюст памершага. Над гэтым усім белы крыж". Ёсць у кнізе і фотаздымак помніка. Застаецца дадаць, што зроблены ён скульптарам і архітэктарам, ураджэнцам Беларусі К. Ельскім (1782- 1867 гг.). Памятны знак у гонар Т. Ваўжэцкага і зараз можна ўбачыць у кафедральным саборы ў Вільні.

Калі параўнаць памятную дошку ў саборы з выявай дошкі на магіле, бачна іх ідэнтычнасць. Такім чынам, і пліта, аб якой згадвае М. Посах у XIX ст., і пліта, адноўленая ў 30-я гг., верагодней за ўсё з'яўляецца чыгуннымі копіямі мурмуровай пліты ў віленскім саборы.

У пасляваенныя гады непадалёку ад магілы пачалося будаўніцтва прадуктовай крамы. На вялікае шчасце яна не замінала будоўлі, бо інакш лёс помніка вырашылі б нож бульдозера ці лом рабочага. Магіла апынулася на гаспадарчым двары крамы, непадалёку зрабілі сметнік, недзе напачатку 60-х гг. пліту здалі на металалом.

Цяпер надмагільны помнік і тэрыторыя вакол добраўпарадкаваны па ўказцы зверху і таму зроблена гэта было неахайна, па казённаму. На памятнай сілумінавай пліце - надпіс па-руску з двума памылкамі. Аўтэнтычным з'яўляецца чыгунны крыж, захаваны вернікамі відзаўскага касцёла. Сённяшні стан помніка трэба лічыць часовым. Ёсць надзея на аднаўленне першапачатковай пліты з поўным надпісам. Першыя захады ў гэтым накірунку робяцца.

К. Шыдлоўскі.