|
Полацкае княства
Полацкае княства ўзнікла ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны, займала ў X - XI ст. усю Паўночную Беларусь і межавала на поўначы з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе са Смаленскім княствам, на поўдні з Тураўскім княствам, на захадзе з землямі леталітоўскіх і латышскіх плямён. Уладанні Полацка прасціраліся па ніжняму цячэнню Заходняй Дзвіны, дзе былі гарады Герцыке і Кукенойс, да Рыжскага заліва.
Полацкая зямля - адно з буйнейшых княстваў ва Усходняй Еўропе ранняга сярэднявечча. Па сваіх памерах яно было прыблізна роўнае Баварскаму герцагству на тэрыторыі Германіі, Партугальскаму каралеўству на Пірэнейскім паўвостраве.
Для Полацкага княства, як і для іншых сярэдневяковых краін, характэрна сукупнасць трох галоўных адзнак дзяржавы:
1) размяшчэнне насельніцтва па тэрытарыяльнай прыкмеце, а не на аснове кроўнароднасных сувязей, як гэта было пры старой родавай арганізацыі,
2) наяўнасць дзяржаўнай улады (князь, дружына),
3) абкладанне падаткамі (даніна, палюддзе) для ўтрымання яе прадстаўнікоў.
Полацк не аддзяляўся ад свайго княства і быў яго арганічнай часткай. Полацк і яго воласць упамінаецца ў пачатковым летапісе пад 862 г. Гэта было старажытнае дзяржаўнае ўтварэнне. Першым гістарычна вядомым князем у Полацку стаў Рагвалод. Яго выключнае незалежнае становішча сярод іншых князёў летапісец падкрэсліў словамі: "державдю н владею вдю Полотьскую землю".
Полацкае княства існавала як самастойная дзяржава, у якой асноўным насельніцтвам былі прабеларускія плямёны крывічоў-палачан. Уладзіміру Святаславічу, які змагаўся са сваім братам Яраполкам за ўладу ў Кіеве, удалося захапіць Полацк. Рагвалод быў забіты, яго дачка Рагнеда прымусова стала жонкай Уладзіміра. Праз некалькі гадоў яна зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра і была выслана з Кіева разам з сынам Ізяславам на сваю "вотчыну" ў Полацкую зямлю.
Ізяслаў быў князем у Полацку да 1001 г., потым княжылі Брачыслаў (1003 - 1044 гг.), Усяслаў (1044-1101 гг.) і шматлікія яго сыны і ўнукі. Існаванне княжацкай дынастыі, правы якой захоўваліся на працягу стагоддзяў, - прыкметна дзяржаўнасці Полацкай зямлі. Паміж Полацкам і Кіевам адбывалася барацьба, якая працягвалася з перапынкам больш за 100 гадоў. Полацкія князі двойчы займалі Ноўгарад (1021 г., 1066 г.), змагаліся за Пскоў і Смаленск. Пры Усяславе Брачыславічу Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і стала галоўным канкурэнтам Кіева. У 1067 г. адбылася крывавая бітва на Нямізе, ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. У 1127 г. сын Манамаха кіеўскі князь Ізяслаў арганізаваў вялікі паход паўднёва-рускай кааліцыі князёў супроць Полацкай зямлі. Потым адбыўся распад Кіеўскай Русі. Полацкая зямля таксама распалася на ўдзельныя княствы (Полацкае, Менска, Друцкае, Заслаўскае, Лагойскае, Віцебскае і інш.). Полацк працягваў лічыцца галоўным горадам сярод іншых гарадоў паўночнай часткі Беларусі.
Улада князёў у Полацку значна аслабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча - народнага сходу, роля якога ў Полацку асабліва ўзрасла з канца 20х г. XII ст. На ім вырашыліся пытанні вайны і міру, гандлёвыя і іншыя справы. Веча істотна абмяжоўвала ўладу князя, аднак не знішчажала яе. Князь прымаў удзел у справах кіравання, меў сваю дружыну, вяршыў суд. Полацкае веча выбірала князем толькі прадстаўніка полацкага княжацкага дома. Чужародны князь не мог разлічваць на тое, каб утрымаццаў Полацку.
Існаванне Полацкай зямлі на чале з Полацкам - буйнейшым цэнтрам заходніх зямель усходняга славянства - спрыяла зараджэнню гаспадарчай і культурнай супольнасці гэтых зямель і ўзнікненню ўмоў для далейшага фарміравання беларускага народаэтнасу. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны мясцовы дыялект, які адыграў значную ролю ў фарміраванні беларускага народа.
Друкуецца па кнізе: Ш т ы х а ў Г. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Вучэбны дапаможнік для вучняў 10 кл. Кн. 1. Мн., 1994, арк. 4041.
|
|