Эмілія Плятэр

У жыццярысе Эміліі Плятэр шмат невядомага і недастаткова даследаванага, асабліва пра дапаўстанцкі перыяд яе жыцця, нягледзячы на тое, што бібліяграфія адпаведных даследаванняў даволі значная. Вядома, што яна нарадзілася 13 лістапада 1806 г. ў Вільні ў сям'і Францішка Ксаверыя і Ганны, якая паходзіла з роду Мохлаў, што жылі ў Браславе. Традыцыйна лічыцца, што бацька Эміліі быў блазнам, які вельмі хутка пазбавіўся сваіх абавязкаў адносна сям'і. Разам з маці яны пераехалі ў Дзісенскі павет Віцебскай губерніі, дзе былі маёнткі іх сваякоў Плятэраў, у т. л. Падгур'е, якое было адпісана Эміліі. Аднак яе маладосць прайшла галоўным чынам у наддзвінскай Ліксне, што належыла стрыечнаму брату бацькі Эміліі Міхалу Плятэру Зіберку (1777 - 1863 гг.), і дзе гаспадарыла цётка Эміліі Ізабэла. Недалёка, у Краслаўцы, жыў яшчэ адзін крэўны Эміліі, граф, маршалак дынабургскай шляхты Адам Аўгусцінавіч Броэль Плятэр (1790 - 1862 гг.), які ў сваім палацы заснаваў вядомую археалагічную і музейную калекцыі, бібліятэку. Выхаванне і адукацыя Эміліі праходзілі пад наглядам маці. Яна спрабавала сябе ў малюнку і паэзіі, музыцыравала, захаплялася паэзіяй А. Міцкевіча. Іх завочнаму знаёмству спрыялі стрыечныя браты Эміліі, якія вучыліся ў Вільні ў былі звязаны з таварыствам філарэтаў.


на здымку Эмілія Плятэр

Як вядома з успамінаў Томаша Зана "сялянская {беларуская} мова паміж студэнтамі ўжывалася ахвотна". Але, відаць, былі болыш грунтоўныя матывы звароту Эміліі Плятэр да духоўнай спадчыны беларускага люду, якія яна прадэманстравала гэтак жа яскрава, як і самаахвярны парыў у полымі партызанскай барацьбы ў раннюю вясну 1831 г.

Мясціны дзяцінства Эміліі гэта этнаграфічная беларуская зямля. Вось што згадваецца пра гэты куток Полацкага Наддвіння ў "Геаграфіі Беларусі" А. Смоліча: "У Дзьвінскім павеце беларусы жывуць перамяшаныя з латышамі. Чыста беларускімі трэба лічыць толькі ваколіцы Дзьвінску і наогул узьбярэжны пояс уздоўж Дзьвіны, ад Дзьвінску да Друі. У гэтай часці павету грунты ўраджайныя, народ жыве багата, шмат зарабляе ад рыбалоўства, сплаву і будовы судзінаў і г. д. У Дзьвінскім і суседніх паветах жыве шмат старавераў". А за 100 гадоў да гэтага апісання А. Смоліча, сэрца Э. Плятэр хвалявала штодзённая журбота і нелюдская прыгнечанасць селяніна.

У 30-я гг. XIX ст. віцебскі краязнаўца і фалькларыст Максіміліян Маркс, успамінаючы пра Э. Плятэр, адзначыў: "Першая яна бадай што не памыляюся з запалам, уласцівым чуламу шляхетнаму сэрцу, усёй душой аддалася беларускаму народу, вывучала яго беды і спачувала яму, старалася паводле магчымасцей зрабіць яму аблягчэнне: збірала і спявала яго песні. На фартэпіяна яна ахвотна выконвала музыку скокаў, перадавала жывасць і сум народных матываў і нават тэмбры жалейкі і басы дуды".

Рамантычны і хлапечы характар Эміліі спрыяў яе глыбокай зацікаўленасці да гісторыі і самабытнасці дынабургскага Паддзвіння, помнікаў старажытнасці часоў Полацкай зямлі (замкаў у Кукейносе і Герсіке, Барысавых камянёў, шматлікіх курганоў і г. д.), вынікаў археалагічных і экспедыцыйных даследаванняў, якія праводзіў яе бліжэйшы сусед, малады граф Адам Плятэр. Яго краслаўскі палац, стаўшы месцам музейнай калекцыі, быў для Эміліі і своеасаблівай акадэміяй гісторыі і культуры беларускага народа. У наваколлях Ліксны, Краслаўцы, Дзвінска і, магчыма, Браслава, Друі яна аглядала рэшткі старадаўніх абарончых і культавых збудаванняў, замкі, фартэцыі, пастаянна вывучала майстэрства джыгітавання, гіпіку, карыстання агнястрэльнай і халоднай зброяй.

Вандроўкі Эміліі Плятэр да Браслава былі асабліва карыснымі, паколькі яны давалі ёй магчымасць падвысіць фізічную форму і адведаць сваіх браслаўскіх крэўных. У часы Эміліі ў сядзібе ўладальніка маёнтка Бяльмонты Станіслава Мануццы (1773-1823 гг.), верагодна пазашлюбнага сына караля Станіслава Аўгуста, маршалка шляхты Браслаўскага павету, гаспадарыла Канстанцыя Плятэр (1782-1874 гг.). 3 нашчадкамі гэтай сям'і, як і з краслаўскімі Плятэрамі, сябраваў вядомы лекар і грамадскі дзеяч Браслава, доктар медыцыны Станіслаў Нарбут (1853-1926 гг.).

Неаднаразова была Эмілія Плятэр у губернскім цэнтры Віцебску. Яна была звязана шырокім сяброўствам з Казімірай Маркс маці віцебскага даследчыка Максіміліяна Іосіфавіча Маркса. Нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце (Казіміра была старэйшай на 15 гадоў), пры сваіх сустрэчах яны паводзілі сябе як самыя блізкія сяброўкі, цалкам аддаючыся народным звычаям, гаворцы і, асабліва, тужлівым беларускім песням, якіх Эмілія ведала безліч.

Субяседніцы смакавалі кожнае беларускае слова, шукалі выявы беларускага фальклору ў паэзіі Адама Міцкевіча, уважліва прачытвалі запісы жалобных песень, глыбока адчуваючы і спачуваючы цяжкаму жыццю беларускага селяніна. А іншым разам, пры вясёлым настроі, пускаліся скакаць "лепятуху" пад музыку скрыпкі і зачараваныя прыгаворы ўсёй сям'і Марксаў: "Ну, паненка, ну, дзявуха! Ды яшчо і якая дзявуха, залатая дзявуха!".

У памяці Максіміліяна Маркса захаваўся і апошні віцебскі візіт будучай гераіні: "Астатні яе прыезд вельмі памятны для мяне. Было мне амаль адзіннаццаць гадоў. У горадзе кватэраваў у той час нейкі конна-гвардзейскі полк гусарскі ці ўланскі добра не памятаю. Заможная і шукаючая прыгод вайсковая моладзь, захопленая строем панны Плятэр, шалёна круцілася каля яе, а яна, прыгнечаная знадмернай настойлівасцю і не заўсёды зграбнымі заляцаннямі тых, як іх у вочы называла, паўночных амуркаў, ухілялася як толькі магла, ад баляванняў і сходаў, адгаворваючыся, звычайна, дрэнным самаадчуваннем і хаваючыся ў маёй маці, сваёй улюбёнай Касі на прыяцельскія пяшчоты і гутаркі".

Звесткі пра вышэйзгаданы рукапіс Максіміліяна Маркса дайшлі да нас, дзякуючы цытуемай публікацыі Вільгельма Брухнальскага ў львоўскім польскамоўным часопісе "Люд". Там жа згадваецца, што рукапіс Маркса складаўся з дзвюх частак: "Успамінаў дзяцінства" і "Нешта аб зборцы беларускай". Менавіта гэта, другая частка, уключала ўспаміны аб Эміліі Плятэр і наступныя сем нарысаў:
1. Адзенне сялян, мяшчан і жыдоў, гульні і танцы віцебскіх вяскоўцаў, іх сурокі.
2. Гутарнік і гутаркі.
3. Вучоныя і пісьменнікі, якія займаліся Беларуссю.
4. Форма і мова беларускіх песень.
5. Беларусчызна ў Вільні.
6. Расійскія славянафілы ў адносінах да беларускай мовы.
7. Радавод беларускі.
Апавяданне астатняга гутарніка Піліпа Стурага. На жаль, поўны тэкст рукапісу М. Маркса да гэтага часу не выяўлены, але сам факт змяшчэння ўспамінаў пра Э. Плятэр у сувязі з матэрыялам беларускага фальклору гаворыць аб непарыўным успрыняцці аўтарам асобы гераіні і духоўнай спадчыны беларускага народа. Сярод тэкстаў М. Маркса могуць быць і рукапісы самой Э. Плятэр.