|
Браслаўшчына на старонках летапісаў
Дакументальныя крыніцы XV-XVII ст.
Летапісанне, ці пагадовае апісанне гістарычных падзей на землях старажытнай Русі ўзнікла ў XI ст. У гэты час тэрыторыя Браслаўшчыны ўжо ўваходзіла ў склад Полацкага княства, з'яўлялася яго паўночна-заходнім парубежжам з паселішчамі, якія можна аднесці да гарадскіх - такімі як Браслаў, Маскавічы, Дрысвяты, Рацюнкі і, магчыма, Друя. Аднак існаванне гэтых паселішчаў у перыяд Полацкага княства дакладна ўстаноўлена выключна па матэрыялах археалагічных раскопак. На старонкі вядомых сучасным даследчыкам летапісаў ніводнае з гэтых паселішчаў не трапіла.
М. Стрыйкоўскі.
У першую чаргу гэта можна растлумачыць тым, што летапіс, складзены ў Полацку, да нашага часу не захаваўся. Можна толькі меркаваць, што пры апісанні падзей XI -XIII ст. у ім згадваліся і паселішчы Браслаўскага Паазер'я. Астатнія цэнтры летапісання старажытнай Русі (Кіеў, гарады Уладзімірска-Суздальскай і Галіцка-Валынскай земляў, Ноўгарад) знаходзіліся занадта далёка.
Першыя згадкі аб Браслаўшчыне ўтрымліваюць беларуска-літоўскія летапісы (хронікі) XV -XVI ст. Яны ствараліся ў Вялікім княстве Літоўскім як агульнадзяржаўныя зводы, пісаліся на беларускай мове. Найбольш поўны з вядомых зводаў - "Хроніка Быхаўца", створаная ў першай пал. XVI ст., згадваючы князя Кернуса паведамляе, што яго ўладанні на поўначы даходзілі "по Завельскі Браславль". Там жа ёсць звесткі аб паходзе Кернуса і брата яго Гімбута, якія вырашылі пашырыць тэрыторыю сваіх уладанняў, на землі Русі, да Браслава і да Полацка. Гісторык XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі у сваёй працы "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі" (1582) называе дакладную дату гэтай выправы - 1065 г. "ад нараджэння Гасподняга, калі Літва ўпершыню ўчыніла напад на Русь". У адрозненне ад "Хронікі Быхаўца" М. Стрыйкоўскі прычынай пахода называе жаданне літоўскіх князёў Кернуса і Гімбута адпомсціць за частыя набегі на іх уладанні полацкіх князёў. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць Кернуса і Гімбута асобамі міфічнымі, аднак мяркуюць, што вышэйзгаданы паход мог мець меца.
Такім чынам, летапіс, створаны ў XVI ст., згадвае падзею, якая мела месца ў XI ст., а гісторык М. Стрьйкоўскі называе дакладную яе дату - 1065 г., які стаў лічыцца годам заснавання Браслава.
Шэраг іншых летапісаў XVI ст. - Красінскага, Рачынскага, Румянцаўскі, Яўрэінаўскі, Альшэўскі таксама згадваюць Браслаў пры прызначэнні межаў уладанняў князя Кернуса, але не ўтрымліваюць звестак аб паходзе на Браслаў і Полацк. Гэтыя звесткі паўтарае больш позняя, напісаная ў XVII ст. "Хроніка Літоўская і Жамойцкая", але памылкова называе Браслаў Бярэсцем.
Для ўсяго беларуска-літоўскага летапісання XVI -XVIII ст. характэрна белетрызацыя тэкстаў, калі разам з гістарычнымі звесткамі размяшчаюцца легенды, паданні, асобныя гістарычныя творы. Адначасова традыцыі летапісання аказвалі ўплыў на творы тагачасных гісторыкаў, паэтаў. Некаторыя з іх па зместу, структуры нагадваюць хронікі.
Прыкладам могуць быць творы выдатнага гісторыка і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547 г. - 1593 г.), таленавітага і энергічнага даследчыка гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Ураджэнец Польшчы, ён значную частку свайго жыцця правёў у княстве, захапіўся яго мінулым. Пры напісанні твораў М. Стрыйкоўскі выкарыстоўваў шматлікія крыніцы, многія з якіх невядомы сучасным даследчыкам. У працах М. Стрыйкоўскага знаходзім шэраг звестак, звязаных з Браслаўшчынай. У яго Хроніцы акрамя звестак аб Браславе XI ст. пад 1386 г. згадваецца Друя. Гэта паселішча названа сярод прыдзвінскіх гарадоў, якія былі заняты войскамі Андрэя Альгердавіча (князя полацкага) у час яго выступлення супраць заключанай Ягайлам Крэўскай уніі. Згадка аб Друі М. Стрыйкоўскага лічыцца першай яе згадкай на старонках пісьмовых крыніц. Найбольш цікавыя звесткі аб Браслаўшчыне ўтрымлівае вершаваная хроніка М. Стрыйкоўскага "Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага", напісаныя ў 1575 - 1578 гг. і ўпершыню надрукаваная толькі ў 1978 г. Аб паходзе на Браслаў князёў Кернуса і Гімбута аўтар піша:
Жадаючы за гэтыя наезды помсціць, а свае землі
Пашырыць і літоўскае ў іх асадзіць племя
Прыйшлі пад Браслаў, які возера шырокае
Амывае і горад аздабляюць вежы высокія
Усе яны воласці ўздоўж і ўпоперак разбурылі.
Паміж 1234 і 1240 гг. змешчаны звесткі аб гібелі ў наваколлі возера Дрысвяты магістра лівонскага ордэна Эрнста:
Другі магістр Эрнст, захацеўшы адпомсціць за шкоды
Уварваўся ў Літву, дзе Дрысвяты абкружаюць воды
Але і сам там загінуў з Гілярдам контурам.
Пад 1244 г. ёсць апісанне абсалютна невядомай па іншых крыніцах бітвы ў наваколлі Браслава паміж Міндоўгам і яго сынамі Таўцівілам і Вікінтам, набаку якіх выступалі атрады воінаў Лівонскага ордэна і Полаччыны. Па-мастацку, з цікавымі падрабязнасцямі апісвае аўтар ход бітвы, перамогу князя Міндоўга.
Летапіс XVII ст. "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" згадвае Браслаўшчыну ў сувязі з раздзелам вялікім князем Гедымінам сваёй спадчыны паміж сынамі. Малодшаму, любімаму сыну Еўнуту Гедымін аддаў Вільню і шэраг навакольных паветаў, сярод якіх названы і Браслаўскі. Еўнут уладарыў у Вільні з 1341 г. па 1345 г., а потым быў выгнаны братамі Кейстутам і Альгердам.
Амаль усе беларуска-літоўскія летапісы XVI ст., а таксама Нікіфараўскі і Супрасльскі, складзеныя ў XV ст., згадваюць Браслаў у сувязі з паўстаннем вялікага князя Свідрыгайлы, які ўзначаліў барацьбу праваслаўных магнатаў і шляхты за роўныя правы з католікамі. Двойчы, у 1433 г. і 1435 г. войскі Свідрыгайлы пад Браславам злучаліся з саюзнымі войскамі Лівонскага ордэна. У 1435 г. аб'яднаныя сілы пад камандаваннем Свідрыгайлы рушылі ад Браслава пад Вілкамір, дзе ў бітве з войскамі Жыгімонта Кейстутавіча і Ягайлы пацярпелі паражэнне.
Шэраг згадак аб Браслаўшчыне ўтрымліваюць летапісы, складзеныя за межамі Вялікага княства Літоўскага.
Лівонская хроніка Германа Вартберга, якая распавядае аб дзеяннях ордэна ў другой пал. XIV ст., шмат увагі надае падзеям у наваколлі замка Дзінабург (сучасны г. Даўгаўпілс), размешчанага ў непасрэднай блізкасці ад Браслаўшчыны, якая ў той час ужо ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. У хроніцы ёсць шмат згадак аб выправах крыжакоў на землі суседзяў. Хаця ў тэксце не названы ніводны канкрэтны населены пункт Браслаўшчыны, можна меркаваць, што гэтыя выправы закраналі і яе тэрыторыю. Выказваюцца меркаванні, што ў перыяд вайны з крыжакамі буйнейшыя паселішчы Браслаўшчыны былі поўнасцю разбураны. У некаторых выпадках такія меркаванні пацвярджаюцца матэрыяламі археалагічных раскопак. Напрыклад, у пачатку XIV ст. перапыніла сваё існаванне квітнеючае паселішча на гарадзішчы Маскавічы, вельмі бедныя знаходкамі XIV -XV ст. гарадзішчы ў Браславе, Дрысвятах.
У Хроніцы Вартбурга некалькі разоў згадваецца нейкі Новы замак полацкай зямлі, размешчаны на беразе Заходняй Дзвіны ў 11 мілях ад Дзінабурга. Ёсць меркаванні, што размова ідзе аб Друі, адлегласць да якой па рацэ ад сучаснага Даўгаўпілса складае каля 80 кіламетраў. Першы раз Новы замак згаданы пад 1374 г. Найбольш цікавымі з'яўляюцца звесткі
аб аблозе замка ў 1377 г. Падчас гэтай аблогі рыцары выкарысталі агнястрэльныя гарматы, аднак не здолелі захапіць замак. Згаданы выпадак - першае сведчанне аб ужыванні агнястрэльнай зброі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У некаторых рускіх летапісах Браслаўшчына згадваецца ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі XVI -XVII ст. Пскоўскія летапісы сведчаць аб паходзе наўгародскіх і пскоўскіх ваяводаў на Браслаўшчыну ў 1515 г. Войскі непрыяцеля спустошылі наваколлі Браслава, Іказні, Друі. Аб новай выправе наўгародскіх і пскоўскіх ваяводаў на тутэйшыя землі ў 1535 г. паведамляе "Летапісец пачатку царствавання цара і вялікага князя Іваан Васільевіча", аб ваяванні "Брясловских мест" у тым жа годзе сведчаць Аляксандра-Неўскі і Піскароўскі летапісы. Першы Пскоўскі летапіс згадвае аб спаленні пскоўскім атрадам Друі ў 1633 г. Украінскі казацкі летапіс "Летапіс Самавідца" канца XVII -пач. XVIII ст., расказваючы аб ваенных падзеях 1654 г. на Беларусі, згадвае, што ў Друі, пасля яе ўзяцця рускімі войскамі, быў пакінуты ваявода.
3 іншых крыніц вядома, што ім быў вядомы дыпламат, дзяржаўны дзеяч А. Ардын-Нашчокін. Пад 1701 г. "Летапіс Самавідца" змяшчае вельмі кароткі, але надзвычайна цікавы запіс аб тым, што "его царское величество (Пётр I) з королем польскнм Августом мел с'езд в городе Друи, над Двиною рекою, ниже Полоцка". 3 гэтымі звесткамі пераклікаецца паведамленне апошняга з вядомых беларускіх летапісаў - Віцебскага (ці летапіс Панцырнага і Аверкі) канца XVIII ст. аб прахаджэнні ў 1701 г. расійскіх войск праз Друю.
Як бачна, летапісцы даюць аб Браслаўшчыне вельмі ўрывістую, абмежаваную інфармацыю. Амаль уся яна звязана з ваеннымі падзеямі і не дае ўяўлення аб іншых баках мінулага рэгіёна. Таму летапісныя звесткі аб Браслаўшчыне з'яўляюцца хаця і каштоўным, але ўсё ж такі дадаткам да іншых крыніц даследавання яе мінулага.
Асноўнай крыніцай па даследаванню старажытнай гісторыі Браслаўшчыны з'яўляюцца дакументы. Найбольш раннія з вядомых адносяцца да пачатку XV ст., аднак яны разрозненыя і нешматлікія. Колькасць дайшоўшых да нашага часу дакументаў, якія датуюцца канцом XV і асабліва XVI ст. значна большая. Увогуле дакументы XVI -XVII ст. дазваляюць асвятляць шматлікія бакі гісторыі рэгіёна - палітычныя, ваенныя, рэлігійныя, адміністрацыйныя, судовыя, маёмасныя аспекты, эканамічнае становішча насельніцтва, стан паселішчаў і г. д. Інфармацыя аб гэтым утрымліваецца ў разнастайных прывілеях на маёмасць, даравальных і фундацыйных запісах, каралеўскіх граматах, інвентарах, рэвізіях мястэчак, маёнткаў, комплексаў уладанняў, завяшчаннях, судовых запісах і інш. Большая частка дакументаў канца XV -XVI ст. напісана на старажытна-беларускай мове - афіцыйнай дзяржаўнай мове ў Вялікім княстве Літоўскім. Самі па сабе яны з'яўляюцца цікавымі помнікамі беларускай культуры. У далейшым беларуская мова ў справаводстве стала выцясняцца польскай.
Дакументы XVI -XVII ст. па такому цікаваму гістарычнаму рэгіёну як Браслаўшчына яшчэ не абагульняліся і не аналізаваліся даследчыкамі, гэта праца наперадзе. Прадстаіць таксама іх актыўнае выяўленне ў шматлікіх архівах і зборах розных краін.
Сярод буйнейшых комплексаў дакументаў, якія датычацца Браслаўшчыны,
можна назваць фонд Літоўскай Метрыкі - збор кніг запісаў дзяржаўнай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага, які зберагаецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. У ім утрымліваецца шмат прывілеяў, грамат і іншых дакументаў па Браслаўскаму павету.
Багацейшыя калекцыі старажытных дакументаў мае Дязржаўны гістарычны архіў Літвы. Дакументы аб Браслаўшчыне тут можна сустрэць у розных фондах. Асобныя фонды складаюцца з кніг запісаў Браслаўскага земскага суда за 1725 - 1819 гг., Браслаўскага падкаморнага суда за 1727 - 1748 гг., у якіх сустракаецца шмат копій актаў XVI -XVII ст. Матэрыялы аб Браслаўшчыне XVI -XVIII ст. ёсць таксама ў рукапісных аддзелах бібліятэк Акадэміі навук Літвы і Вільнюскага ўніверсітэта, у тым ліку такія цікавыя, як маёмасныя дакументы Пацаў на Відзы XVII ст., грамата канцлера Л. Сапегі на касцёлы ў Іказні і Пагосце 1593 г. У Нацыянальным архіве Беларусі зберагаюцца кнігі запісаў Браслаўскіх земскага, гродскага, падкаморнага судоў і Друйскага магістрата.
Толькі асобныя дакументы з гэтых багатых збораў былі апублікаваны ў зборніках XIX -XX ст. Дакументы, прадстаўленыя ніжэй, уяўляюць сабой разрозненыя акты, якія могуць мець ціка васць для шырокага кола чытачоў. Адметна, што некаторыя з іх складаліся і былі напісаны непасрэдна на тэрыторыі Браслаўшчыны.
К. Шыдлоўскі.
|
|