Вялікае княства Літоўскае - гэта сярэдневяковая Беларуская дзяржава, што паўстала ў XIII -XIV ст. на эканамiчным і культурным грунце старадаўніх княстваў - Полацкага, Турава-Пiнскага і Смаленскага ў выніку збірання ў XIII ст. Навагародкам вакол сябе суседніх земляў, у тым ліку і тых, што засялялі плямёны літва, латыголь, яцвязь і інш.

Азначэнне гэтай дзяржавы як беларускай мае пад сабой дастатковыя падставы: утварэнне яе дыктавалася інтарэсамі беларускіх феадалаў, беларускія землі складалі аснову эканамічнай і вайсковай магутнасці Княства, панавальнае месца ў ім заняла беларуская мова і культура, а дзяржаўнае заканадаўства развівалася з традыцыйнага беларускага права. У сваім развіцці Вялікае Княства прайшло тры асноўныя этапы: станаўлення і ўмацавання - XIII -XIV ст.; росквіту і найвышэйшай магутнасці - XV- першая пал. XVII ст.; паступовага аслаблення і заняпаду - другая пал. XVII- канец XVIII ст.

Пачатковы этап станаўлення новай Беларускай дзяржавы характарызаваўcя моцнымі цэнтралізацыйнымі тэндэнцыямі Навагародка, ягонай зацятай барацьбой з Жамойціяй, Галіцка-Валынскай зямлёй, а гэтаксама з крыжакамі - Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі. I далей Вялікае Княства няспынна імкнулася да пашырэння сваіх межаў шляхам прамых заваёваў у часы Альгерда (1345 - 1377) і Вітаўта (1392-1430).

Абшары беларускага гаспадарства павялічваліся і шляхам мірнага пераходу пад ягоную юрысдыкцыю суседніх дзяржаваў, яскравы прыклад чаго - добраахвотнае далучэнне да Княства ў 1559- 1560-х гг. Інфлянтаў, якія шукалі паратунку ад Маскоўшчыны. Экспансіянісцкая палітыка Вялікага Княства, уваходжанне ў яго склад велізарных абшараў Усходняй Еўропы надавалі нашай дзяржаве характар імперыі Асабліва гэта дачытыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха была неабмежаванай, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага і Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.Ды пазней Княства абвяшчала свае прэтэнзіі на першынство ў славянскім свеце і не толькі ў ім. Напрыклад, у перыяд княжання Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў план крыжовага паходу "праз Маскву на Турэччыну". Але сказанае, вядома, менш за ўсё датычыць другой пал. XVII -XVIII ст., калі Вялікае Княства перажывала глыбокі заняпад і паступова страчвала свае землі. Урэшце, пры канцы XVIII ст. яно ўвогуле было зліквідавана.

Палігычны лад Беларускага гаспадарства, які, вядома, зазнаваў эвалюцыю, у перыяд росквіту вызначаўся наяўнасцю найвышэйшага заканадаўчага органа - Галоўнага З'езду (Сойму), дэпутаты якога абіраліся на павятоных сойміках шляхты. Дастаткова мацнай і дасканалай з'яўлялася выканаўчая ўлада Княства на чале з вялікім князем. Начале гарадоў, якія мелі самакіраванне, гэтак званае магдэбургскае права, стаялі войты, прызначаныя манархам. Справаводства ва ўсіх дзяржаўных установах Княства вялося на беларускай мове, як таго і патрабрваў Статут. На ўсіх землях гаспадарства, пачынаючы з XV ст., дзейнічаў адзіны, агульнапрыняты збор законаў, уносіць змены ў які мясцовай адміністрацыі не дазвалялася. Існавала цвёрдая грашова-фінансавая і падатковая сістэма. Усе ўласнікі Княства - землеўладальнікі, арэндатары, мытнікі ды іншыя цэнтралізавана ўносілі падаткі ў агульную гаспадарскую скарбонку. Сабраныя грошы скарыстоўваліся на рэч паспалітыя патрэбы: пераважна на ўтрыманне адміністрацыйнага і судовага апарату ды вайсковыя справы. У дзяржаве дзейнічалі адзіныя прынцыпы судовага і адміністрацыйнага ўпарадкавання; быў прыняты агульны парадак прызначэння кіраўнікоў земляў, ваяводстваў і паветаў, якія мелі роўныя правы і абавязкі; паўсюль існавалі аднолькавыя правілы выбараў на соймікі і Галоўны З'езд; манархам вьізначаўся адзіны для ўсіх парадак і нават адны і тыя ж дні правядзення павятовых шляхецкіх соймікаў; нарэшце, існавала адзінае войска і адзіныя вайсковыя законы.

Усялякія сепаратысцкія памкненні далучаных да Княства земляў, ваяводстваў, паветаў ці проста асобных моцных феадалаў лічыліся парушэннем законаў Княства, дзяржаўным злачынствам, і таму жорстка праследаваліся. Своеасаблівы феадальны "федэралізм" у Вялікім Княстве меў месца толькі напачатку ўваходжання новых земляў у склад гаспадарства, у пэўны "пераходны перыяд", калі далучаныя абшары "асвойваліся", Але ён, як правіла, з часам разбураўся пад націскам агульнай унітарнай тэндэнцыі, што панавала ў Беларускай дзяржаве асабліва з канца XIV ст. калі Вітаўт на працягу 1392 - 1396 гг. дарэшты зліквідаваў сістэму мясцовага (удзельнага) княжання. 3 другой пал. XV ст. цэнтралізацыйныя працэсы яшчэ больш паскорыліся, бо набылі вагу агульнагаспадарскія законы. Беларускай дзяржаве быў уласцівы адносна дэмакратычны лад, найвышэйшы ў Еўропе ўзровень развіцця тэорыі права і дасканаласць судовай практыкі, непасрэднымі вынікамі чаго сталіся - адсутнасць жорсткай тыраніі, устадяванне абмежаванай манархіі, урадавая абарона грамадзянскіх правоў і свабодаў, набліжэнне да рэлігійнай і этнічна-культурнай цярпімасці і інш.

Гэтыя рысы даўняй Беларускай дзяржавы прыкметна адрознівалі яе ад суседняй Маскоўшчыны, дзе панавала жорсткая таталітарная сістэма, дэспатызм дзяржаўных структураў, поўная грамадзянская неабароненасць асобы, адсутнасдь элементарных палітычных свабодаў.

Такім чынам, Вялікае княства Літоўскае - гэта спецыфічнае дзяржаўнае ўтварэнне, што існавала ў XIII - XVIII ст. у геаграфічным цэнтры Еўропы, пераемніцай якога - пасля працяглага знаходжання нашых земляў у складзе Расейскай імперыі - была Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная 25 сакавіка 1918 г., у пэўнай меры ўтвораная ў 1919 - 1920 гг. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і, урэшце, сёння пераемніцай гістарычных і культурных традыцый Вялікага Княства з'яўляецца суверэнная Рэспубліка Беларусь.

I. Саверчанка. Друкуецца па кн.: 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мн., 1993, с. 2С-29.

 
     




Hosted by uCoz