|
Касцюм і ўборы браслаўчан у IX-XII стагоддзях
Адной з прыкмет народа, на ўзроўні з мовай, з'яўляецца касцюм, які ўключае ў сябе адзенне, аксесуары, абутак і ўпрыгажэнні. Развіццё касцюма, як і развіццё іншых галін культуры, праходзіць у залежнасці ад эканамічных асноў жыцця, ад яго палітычнага і сацыяльнага стану. У гісторыі грамадства касцюм выконваў розныя функцыі - адрозненні па полу, узросту, сямейнаму становішчу, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, а таксама абрадавую функцыю. Ён заўжды ўвасабляў светаўспрыманне людзей і іх эстэтычныя погляды.
Першым адзеннем нашых продкаў былі скуры жывёл і расліны. Ужо ў IV тысячагоддзі да н. э. людзі навучыліся рабіць тканіны. Цяга да ўпрыгажэнняў з'явілася яшчэ ў каменным веку. Гэта былі ажарэлкі з зубоў жывёл, ракушак, каменьчыкаў, бурштыну. У эпоху бронзы ўжо насілі бронзавыя кольцы ў выглядзе спіралі і акулярападобных прывесак, бранзалеты з закручанымі канцамі. Па помніках ранняга жалезнага веку вядомыя розныя металічныя заколкі, бранзалеты, пярсцёнкі, бразготкі, падвескі. На Браслаўшчыне шмат упрыгажэнняў ранняга жалезнага веку знойдзена на гарадзішчы каля в. Рацюнкі. Гэта бронзавыя булавачкі, скроневыя кольцы, званочкі.
Канец I - пачатак II тысячагоддзя - гэта часы росквіту культуры ва Ўсходняй Еўропе. На тэрыторыі Беларусі ў тыя стагоддзі існавалі Полацкае і Турава-Пінскае княствы. Браслаўшчына ўваходзіла ў склад Полацкага княства, якое было адным з буйнейшых дзяржаўных аб'яднанняў Усходняй Еўропы і з'яўлялася паўночна-заходняй ускраінай Полацкіх зямель. Рассяленне крывічоў тут пачалося ў VII -VIII ст. Асноўны прыток крывіцкага насельніцтва прыходзіцца на XI - XII ст. Землі, заселеныя крывічамі, былі замацаваны за Полацкам узвядзеннем крэпасцяў у Браславе, Маскавічах, Дрысвятах і Рацюнках. Гэтыя пункты выконвалі ролю фарпостаў крывіцкай каланізацыі і адміністрацыйных цэнтраў.
Рэканструкцыя мушчынскага кастюма XI - XII.
Калі сельскае насельніцтва было больш-менш аднародным, то парубежныя гарадкі насялялі выхадцы з розных усходне-славянскіх, балцкіх і фінаугорскіх зямель. Адрозніваўся касцюм жыхароў вёскі і жыхароў гарадкоў. Больш падрабязней можна гаварыць аб вясковым касцюме браслаўчан таму, што матэрыялы для яго рэканструкцыі даюць курганныя пахаванні. Наогул, старажытнае пахаванне ўяўляе сабой комплекс касцюма. Знаходкі кавалачкаў тканін, размяшчэнне ўпрыгажэнняў на касцяку, супастаўленне гэтых дадзеных з вынікамі раскопак у суседняй Латгаліі, дзе адзенне лепш захоўваецца дзякуючы шматлікасці бронзавых упрыгажэнняў, даюць магчымасць рэканструяваць браслаўскі касцюм, вылучыць яго асаблівасці. Рэшткі тканін захаваліся толькі разам з рэчамі (часцей за ўсё з сякерамі), якія былі добрымі кансервантамі. Таксама ёсць адбіткі тканін на гліняным посудзе. Па гэтых дадзеных можна меркаваць, што тканіны былі ільняныя і шарсцяныя рознай якасці.
Рэканструкцыя кастюма жанчыны паводле матэрыялаў кургана каля возера Укля. XI ст.
І жаночы, і мужчынскі касцюм складаўся з ільняной кашулі, набедранага адзення (панёва ў жанчын, порты ў мужчын) і верхняга адзення (світа, плашч, пакрывала, кажух, шуба і г. д.). Кашулі былі тунікападобнымі і выраз вората аздабляўся вышыўкай або спіральнымі пранізкамі. Аб спадніцы меркаваць цяжэй, але можна казаць, што хутчэй за ўсё яны былі сінія клятчатыя, як і ў суседніх прыбалтыйскіх землях і як вядомыя па этнаграфічных дадзеных. Шырока былі распаўсюджаны наплечныя пакрывалы-вілайнэ. Яны ўяўлялі сабой прамавугольны кавалак тканіны, які зашпільваўся на грудзях фібулай і ўпрыгожваўся бронзавымі спіралькамі і махрамі. Адзенне рабілася як з тканін натуральнага колеру, так і фарбаваных.
Значную ролюў касцюме, як жаночым, так мужчынскім і дзіцячым, адыгрываў пояс - тканы, плецены, скураны, шаўковы. Паясы ўпрыгожваліся бронзавымі або меднымі бляшкамі, спражкамі, фібуламі. Да паясоў падвешваліся ножычкі і падвескі-амулеты.
Важнейшай часткай касцюма, асабліва жаночага, з'яўляўся галаўны ўбор. Дзявочымі ўборамі былі вяночкі з бяросты ці лубу, якія абшываліся тканінай і ўпрыгожваліся металічнымі пласцінкамі або вышыўкай. На Браслаўшчыне насілі і вяночкі балтыйскага тыпу, так званыя вайнагі. Яны складаліся саспіральных пранізак у 2 - 5 радоў, чаргуючыся з металічнымі пласцінкамі. Уборамі замужніх жанчын быў чапец, які рабіўся з тканіны, скуры, лямцу. Аснова чапцоў была з бяросты або лубу. Мужчыны насілі павоі (шалі).
Жаночы убор XI ст.
Да галаўных убораў прымацоўваліся скроневыя кольцы. У IX -X ст. на Браслаўшчыне ў модзе былі серпападобныя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, часта дапоўненыя трапецыяпадобнымі падвескамі (Бяльмонты, Богіна). У XI ст. шырока ўжываліся дротавыя пярсцёнкападобныя кольцы. Бывала, што такія кольцы ўпляталіся ў валасы.
Мужчынскімі галаўнымі ўборамі былі шапачкі з лямцу або шарсцяныя вязаныя, краі якіх упрыгожваліся бронзавымі спіральнымі пранізкамі.
Жаночы ўбор, як правіла, дапаўняўся і шыйнымі ўпрыгажэннямі. Гэта былі ажарэлкі са шкляных пацерак (найчасцей сініх і жоўтых), якія насіліся ў адну, дзве ці тры нізкі, а таксама зрэдку шыйныя грыўны. Так, каля вёскі Богіна была знойдзена пласцінчатая шыйная грыўна з трапецыяпадобнымі падвескамі (X ст.), а ў Уклі вітая грыўна з заходзячымі петлепадобнымі канцамі. Насілі браслаўчанкі і ажарэлкі з пацерак у спалучэнні з бразготкамі.
Былі ў тыя часы і разнастайныя бранзалеты: пласцінчатыя арнаментаваныя, вітыя з завязкамі ці з зарубленымі канцамі, са змеепадобнымі галоўкамі. У модзе таксама былі і бронзавыя пярсцёнкі. Многія ўпрыгажэнні (бранзалеты, пярсцёнкі, фібулы, бразготкі) насілі і мужчыны.
Яскравае ўяўленне аб касцюме вясковай дзяўчыны дае пахаванне XI ст. ў Уклі. На чэрапе быў вяночак з бронзавых спіральных пранізак, а на скронях з кожнага боку па аднаму пярсцёнкападобнаму калечку. На шыі знойдзены ажарэлак з разнастайных шкляных пацерак у спалучэнні з бразготкамі, а таксама вітая шыйная грыўна з заходзячымі петлепадобнымі канцамі. Злева на грудзях знаходзілася падковападобная фібула з ланцужком, на канцы якога было прымацавана па бразготцы. На кожнай руцэ надзеты па два бранзалеты: віты з абсечанымі канцамі і выпуклы, багата арнаментаваны. Злева на поясе падвешаны ножык.
Цікавым з'яўляецца і адно з мужчынскіх пахаванняў у Усці. Тут справа каля чэрапа ляжала сякера, каля тазавых касцей наканечнік кап'я, 2 бразготкі і нож. На левай руцэ быў дротавы бронзавы бранзалет.
Касцюм насельніцтва ўмацаваных паселішчаў (Браслава, Маскавічаў, Дрысвят), як ужо адзначалася, адрозніваўся ад касцюма вясковага насельніцтва. Гэта і не дзіва, таму што парубежныя гарадкі звычайна насялялі выхадцы з розных зямель, як бліжэйшых, так і аддаленых. Напрыклад, у Маскавічах знайшлі дэталі касцюмаў аўкштаўтаў, ліваў, земгалаў, латгалаў, скандынаваў, наўгародскіх славен і вяцічаў. Тут вельмі разнастайныя фібулы ў адрозненні ад вясковага касцюма, дзе амаль усе фібулы падковападобныя са спіралепадобнымі галоўкамі. Тыпова гарадскімі ўпрыгажэннямі з'яўляюцца шкляныя бранзалеты. У Маскавічах іх знойдзена 250 фрагментаў. Бранзалеты па форме былі гладкія (круглыя ў сячэнні), гладкія круглыя з перавіццём жоўтай палоскай, кручаныя, плоскавыпуклыя, плоскавыпуклыя ўдвая, рубчатыя, гладкія, трохвугольныя ў сячэнні, гладкія, прамавугольныя ў сячэнні. Колерная гама бранзалетаў: зялёныя, сінія, фіялетавыя, карычневыя, балотныя і жоўтыя. На Браслаўшчыну шкляныя бранзалеты прывозілі з Кіева і Полацка.
Калі да касцюма вяскоўцаў з падвесак былі характэрны бразготкі, то гараджане насілі і манетападобныя падвескі, падвескі-конікі, падвескі-качачкі, крыжыкі, лістападобныя падвескі ланцугатрымальнікі. Бронзавыя бранзалеты і пярсцёнкі таксама былі вельмі разнастайнымі. Сярод бранзалетаў вылучаюцца дротавыя, вітыя, плеценыя, з гладкай унутранай паверхняй і імітацыяй пляцення з дроту паверсе, несапраўднавітыя бранзалеты са стылізаванымі зааморфнымі галоўкамі, пласцінчатыя з геаметрычным арнаментам. Пярсцёнкі падраздзяляюцца на дротавыя, вітыя з адсечанымі канцамі, рубчатыя, шчытковасярэдзінныя, рашотчатыя, пярсцёнкі са шклянымі ўстаўкамі, шкляныя. Больш на гарадзішчах знойдзена фрагментаў ад шыйных грыўнаў. Цікавы і цэлы шыйны ланцужок з зашпількай.
Ажарэлкі са шкляных пацерак пэўна былі прывілегіяй сельскіх жанчын. Можа, іх шмат насілі і гараджанкі, але гарадскія пахаванні нам амаль не вядомы. Нешматлікія ва ўмацаваннях пацеркі больш разнастайныя, чым пацеркі ў пахаваннях. Акрамя шкляных пацерак на гарадзішчах сустракаюцца сердалікавыя, крыштальныя, кварцавыя, металічныя.
Што да абутку, то ён не захаваўся. Мяркуючы па суседніх тэрыторыях, жыхаркі гарадкоў маглі насіць сукенкі і заходнееўрапейскай моды - наверх палатнянай кашулі апраналі кароткую туніку з шырокімі рукавамі, якая падпаясвалася доўгім поясам.
Такім чынам, касцюм браслаўчан, як жаночы, так і мужчынскі, характарызуецца шматлікасцю металічных упрыгажэнняў і мае балтаславянскае аблічча.
Л. Дучыц.
|
|