Друйская кафля



Своеасаблівымі каларыферамі, зберагаючымі цяпло ў пакоі, былі ў даўніну пячныя кафлі, яны ж аздаблялі хатні інтэр'ер, дэманструючы такім чынам гармонію рацыянальнага і эстэтычнага пачаткаў.

Падчас археалагічных раскопак фрагменты розных кафляў былі знойдзены амаль ва ўсіх старажытных гарадах Беларусі. Вытворчасць кафлі ў XVII ст. была хутчэй за ўсе мясцовай з'явай, хаця справа гэта даволі складаная.

У гэтых нататках мы пазнаёмім чытачоў з кафляй, якая была сабрана падчас раскопак 1986-1988 гг. у Друі. У XVII ст. гэта быў прыватна-ўласніцкі горад, які належыў буйным беларуска-літоўскім магнатам Сапегам. Горад у той час месціўся па абодвух берагах Заходняй Дзвіны, там, дзе ў яе ўпадае Друйка.



Кафля з Друі.

Сабраная ў Друі калекцыя архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі ўключае даволі раннія ўзоры кафляў, напрыклад, так званую гаршковую, але дакладна адзначыць, што гэтыя вырабы менавіта мясцовыя, магчыма толькі з пачатку XVII ст., калі найбольшага росквіту дасягнула вытворчасць каробкавай кафлі. Гэта кафля атрымала сваю назву з-за сваёй канструкцыі, якая нагадвае звычайную каробку: вонкавая пласціна - донца, румпа - сценкі. Кафля замацоўвалася ў аблямоўцы адкрытай часткай да сценкі печы, а вонкавыя пласціны, павернутыя да гледача, стваралі прыгожы кілім. Трэба заўважыць, што ў адной печы маглі выкарыстоўвацца кафлі з рознымі малюнкамі.

Друйская кафля мае прамавугольную вонкавую пласціну (памерамі 18,0 - 19,0 x 19,0 - 21,0 см) і румау (яна крыху адступае ад краю вонкавай пласціны) з валікападобным завяршэннем вянца. Румпы маюць адтуліны, зробленыя ў сырой гліне, для працягвання дроту, каб замацаваць кафлю ў аблямоўцы. Малюнак на вонкавай пласціне быў выкананы ў тэхніцы нізкага рэльфу. Часам аздобленая рэльефам знешняя паверхня вонкавых пласцін дадаткова апрацоўвалася палівай. Часцей за ўсё сустракаюцца кафлі, упрыгожаныя зялёнай палівай, але знойдзены таксама фрагменты, афарбаваныя рудай палівай. Найбольш хораша выглядаюць кафлі, што размаляваны палівамі розных колераў (белага, сіняга, блакітна-зялёнага, жоўтага).

Цікава заўважыць, што вонкавыя пласціны, якія нясуць аднолькавы малюнак, маглі быць не паліванымі, ці, як іх называюць яшчэ, тэракотавымі, альбо аздобленымі паліваю. Вытворчасць кафлі з адным малюнкам, але розных па кошту (паліваныя манахромныя і паліхромныя кафлі каштавалі значна даражэй за непаліваныя) адзначана ў многіх гарадах і мястэчках Беларусі. У залежнасці ад месца ў пячной аблямоўцы кафля вызначаецца формай і памерамі, вонкавай пласціны і асаблівасцямі формы румпы: былі кафлі сценныя, паясовыя, кутнія, каронкі...

У вытворчасці каробкавай кафлі найбольш праявілася мастацтва рамеснікаў-ганчароў, таму што працэс гэты быў вельмі цяжкі: трэба сфармаваць на ганчарным крузе румпу, з дапамогай прэсформы (штампа) нанесці рэльеф на вонкавую пласцінку, нанесці паліву і зноў абпаліць.

У Друі былі раскапаны рэшткі мясцовай майстэрні па вытворчасці кафлі. З'яўленне такой майстэрні звязана, верагодна, з падзеямі пачатку XVII ст., калі Ян Станіслаў Сапега заснаваў новы горад Сапежын і надаў Друі Сапежыну магдэбургскае права. Каб прывабіць рамеснікаў і гандляроў, ён абвясціў прывілеі для навасельцаў. Археалагічныя матэрыялы XVII ст., якія ў вялізнай колькасці былі знойдзены па ўсёй прасторы сярэдневяковага горада, адлюстроўваюць уздым у эканоміцы Друі-Сапежына ў той час. Былі адкрыты рэшткі печы для абпальвання кафлі.

Нападставе назіранняў, якія зрабіў на падобных матэрыялах у Мінску археолаг В. Е. Собаль, можна меркаваць, што горан складаўся з двух частак: ніжнюю запаўнялі палівам, а верхняя выкарыстоўвалася для абпалу. Гэтак жа, як у Мінску, ён быў амаль круглы ў плане з дыяметрам крыху больш за 2 м, у муроўцы побач з цэглай знойдзены валуны разнастайных памераў. Вакол выяўлена шмат фрагментаў кафляў, а таксама штампаў для выпрацоўкі аздаблення вонкавых пласцін. Штампы былі керамічныя, прамавугольнай формы з дакладна прарэзаным арнаментам і мелі борцікі вышынёй 3, 2 см з тыльнага боку.

Найбольш пашыранымі кафлянымі арнаментамі ў XVII ст. былі геральдычны і раслінны - яны з вялікай разнастайнасцю прадстаўлены ў вырабах друйскай майстэрні. Сярод геральдычнай вылучаецца кафля з гербам "Пагоня". Герб пададзены ў агульным выглядзе: шчыт конніка складанай формы і, што цікава, без аніякага сімвала. Ёсць фрагменты з правабаковым і левабаковым адлюстраваннем конніка. Трэба заўважыць, што ў геральдыцы былі прыняты пэўныя правілы размяшчэння геральдычных звяроў і іншых істот, і тое, што коннік на друйскай кафлі рушыў то ўправа, то ўлева, залежала, хутчэй заўсё, ад таго, як майстар рэзаў штамп: ці то ў люстэркавай праекцыі, ці то ў простай.

Выява "Пагоні" была даволі распаўсюджана ў якасці кафлянага аздаблення: яна была знойдзена ў Гародне, Заслаўі, Вільне і інш., але ўсе гэтыя малюнкі значна адрозніваюцца па іканаграфіі. Сярод раслінных часцей за ўсё сустракаецца матыў "букет кветак у вазе", які мае разнастайныя стылістычныя вырашэнні. Да гэтага ж тыпу можнааднесці арнамент, які ўключае рэльефную рамку шырынёй 3 - 4 см з мноствам стылізаваных кветак і лісця ўнутры, і выяву птушкі паміж раслінамі, заключаную ў гэтую рамку, але ж яна не зусім у цэнтры, а крыху змешчаная ў правы бок. Арнаменты гэтага віду таксама вядомыя, але яны звычайна будаваліся на прынцыпах сіметрыі, архітэктоніка друйскага малюнка сведчыць аб мясцовай яго распрацоўцы. Калекцыя кафлі XVII ст. з Друі яскрава сведчыць аб высокім узроўні майстэрства сярэдневяковых беларускіх рамеснікаў.

В. Зайцава.