Неалітычная стаянка
каля в. Дубкі

Каля 14 тысяч гадоў таму назад пачалася апошняя стадыя адступлення ледавіка, лёд якога пакрываў усю тэрыторыю Браслаўскага раёна. У гэты перыяд фарміруецца сучасны рэльеф, рачная сетка, узнікаюць цяперашнія азёры. Пачынаецца паўсюднае пацяпленне клімату, актыўна развіваецца арганічнае жыццё. Першабытны чалавек пачынае асвойваць раней недаступныя тэрыторыі.

Найбольш старажытным археалагічным помнікам на тэрыторыі Браслаўскага раёна з'яўляецца неалітычнае паселішча Дубкі, узрост якога 5 тысяч гадоў ад нашых дзён. Знаходзіцца паселішча на паўночна-ўсходнім беразе воз. Дрывяты ў 200 метрах на паўднёвы ўсход ад в. Дубкі, на тэрыторыі спорт-лагера "Чайка". Адкрыта паселішча ў 1964 г. Раскопваў У. П. Ксяндзоў у 1988 г. Размяшчаецца яно ўздоўж берага да 100 м у даўжыню, вышыня над вадой дасягае 3,5 метра.

У раскопе плошчай 98 м2 на глыбіні да 0,3 м знойдзены пакінутыя першабытным чалавекам прылады працы і адходы іх вытворчасці, рэшткі старажытных гліняных сасудаў. Прылады працы вырабляліся з якаснага мелавога крэмня шэрага колеру. Сярод іх два наканечнікі стрэл, шэсць скрабкоў з крутым дугападобным рабочым краем, якімі здымалі рэшткі мяса са скур здабытых жывёлін, праколкі, з дапамогай якіх шылі адзенне, абутак, мяшкі для пераносу ежы, вады.

Адзенне і абутак вырабляліся са скуры жывёл. Скуры ўжываліся таксама для перакрыцця і ўцяплення простага буданападобнага жытла. Шматлікія ўкладышныя прылады, у ліку якіх сячэнні пласцін, трапецыі, пласцінкі з затупленым рэтушшу краем ці скошанай асновай, канцом. Такімі вырабамі аснашчаліся прылады з косці і дрэва, якія прызначаліся для палявання і лову рыбы. Укладышы ўстаўляліся ў падрыхтаваныя для іх пазы і замацоўваліся вяжучым растворам (смалой) ці сухажыллямі жывёлін. Вырабляліся такім чынам гарпуны, наканечнікі стрэл, коп'яў, якія поўнасцю да нашага часу не захаваліся па прычыне залягання ў пяску на невялікай глыбіні.

Сярод прылад маюцца таксама скрабкі (імі апрацоўваліся дрэўцы стрэл, магчыма коп'яў, і рукаяці сякер), пласціны і адшчэпы з прывастраючай рэтушшу па краях, якія ўжываліся ў якасці нажоў для раздзелкі туш жывёлін. Сасуды ў калекцыі прадстаўлены дробнымі фрагментамі. Ляпіліся яны рукамі. Глінянае цеста мае прымес арганічных матэрыялаў - тоўчанай ракавіны ці травы. Паверхня сасудаў упрыгожвалася лініямі, ямкамі, якія наносіліся штампам ці завостранай палачкай.

Паселішча Дубкі пакінута насельніцтвам нарвенскай культуры, якое ў эпоху неаліта жыло ў паўночнай Беларусі і Прыбалтыцы.

У. Ксяндзоў.