|
Паўстанне 1830-1831 гадоў
на Браслаўшчыне
Нацыянальна-вызваленчае паўстанне, якое пачалося ў лістападзе 1830 г. на тэрыторыі Польшчы, а ў наступным 1831 г. пашыралася на землях Літвы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, з'явілася адказам на рэакцыйную палітыку царызма ў дачыненні да тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Кіраўніцтва паўстання спадзявалася ў выпадку перамогі аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г.
Паўстанне было падрыхтавана тайнымі арганізацыямі, насіла абмежаваны дэмакратычны характар і таму не было падтрымана шырокімі народнымі масамі. У прыватнасці, выступленне не падтрымала большасць сялян, бо ў праграме паўстання не вырашалася аграрнае пытанне.
На Беларусі паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Свянцянскі паветы. Добра арганізаваныя мясцовыя ўдзельнікі выступлення з адносна невялікімі сіламі здолелі захапіць уладу на сваіх тэрыторыях. Выключэнне склаў Браслаўскі павет. Тут прадстаўнікам расійскай улады ўдалося напярэдадні паўстання арыштаваць найбольш актыўных яго прыхільнікаў і адправіць у Дынабургскую крэпасць. У гэтую вязніцу былі адпраўлены і многія абывацелі, якія сталі сабірацца ля Відзаў, каб прыняць удзел у выступленні.
На тэрыторыю Браслаўшчыны былі ўведзены дадатковыя сілы царскіх войскаў, якія размясціліся па мястэчках і вёсках і поўнасцю кантралявалі тэрыторыю.
Сярод часткі жыхароў Відзаў (пераважна яўрэяў і старавераў) была створана нават узброеная міліцыя для падаўлення любога выступлення супраць улад. У такіх умовах весці ўзброеную барацьбу не было магчымасці.
Захавалася толькі адна згадка аб узброеным выступленні на Браслаўшчыне. Уладальнік маёнтка Бялюнішкі Фартунат Падбярэзскі сабраў 60 лепшых стральцоў, 200 конных і меў намер захапіць Відзы, дзе стаяў атрад палкоўніка Кахоўскага. Аднак аб гэтых планах стала вядома расійскім уладам. Супраць паўстанцаў дадаткова быў дасланы атрад генерала Шырмана. Паміж войскамі і паўстанцамі адбылася сутычка. Ф. Падбярэзскі быў вымушаны адвесці свой атрад за межы павета.
Інакш складвалася сітуацыя на некаторых іншых тэрыторыях, у прыватнасці, у суседнім Дзісенскім павеце, у склад якога ўваходзіла і частка Браслаўшчыны. Цэнтрам паўстання стала м. Лужкі, дзе 13 красавіка быў складзены акт канфедэрацыі аб далучэнні да паўстання, утвораны паўстанцкі камітэт, старшынёй якога стаў памешчык з Плісы Рамуальд Падбіпента. Галоўным начальнікам паўстанцкага войска стаў адстаўны падпалкоўнік з Глыбокага Валенцій Брахоцкі. За даволі кароткі час у наваколлі Лужкаў сабралася каля 3 тысяч чалавек не толькі з Дзісенскага павета, але і некаторых іншых, у тым ліку з Браслаўшчыны. Паўстанцамі была вызвалена Дзісна. Горад знаходзіўся ў іх руках тры дні, аднак быў адбіты расійскімі войскамі пад камандаваннем палкоўніка Макарава. Царскія войскі сталі цясніць паўстанцаў па ўсёй тэрыторыі павета. У сярэдзіне мая кіраўніцтва ўзброеных сіл паўстання на Дзісеншчыне прымае рашэнне рушыць пад Вілкамір (сучасныг. Укмерге ў Літве) для злучэння з мясцовымі паўстанцамі.
Шлях атрада В. Брахоцкага прайшоў праз м. Казяны. Адсюль меркавалася прарвацца праз тэрыторыю, дзе стаялі значныя сілы царскіх войск. У прыватнасці, у Відзах размяшчаўся атрад палкоўніка Кахоўскага, у Свянцянах атрад Хілкова. Недаходзячы да Відзаў, паўстанцы павярнулі ў бок в. Качаргішкі, дзе знаходзіўся атрад падпалкоўніка Цынькова сілаю ў 120 стральцоў і 60 уланаў. Паўстанцы атакавалі пазіцыі царскіх войск, выбілі непрыяцеля з акопаў. Цынькоў адвёў сваіх людзей за мост, спаліў яго і накіраваўся ў Відзы. Страты карнікаў былі некалькі дзесяткаў чалавек, у паўстанцаў чатыры ці пяць параненых.
У Салоках паўстанцкія сілы падзяліліся на дзве часткі і пакінулі тэрыторыю Браслаўскага павета. Яны злучыліся з паўстанцкімі атрадамі генералаў Д. Хлапоўскага і А. Гелгуда. 19.6.1831 г. аб'яднаныя сілы гэтых
генералаў і мясцовых атрадаў пацярпелі паражэнне непадалёку ад Вільні. У канцы жніўня 1831 г. паўстанне было задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы.
Царскі ўрад прадпрыняў шэраг рэпрэсіўных мер супраць удзельнікаў паўстання канфіскоўваліся маёнткі, значная частка дробнай шляхты была пазбаўлена дваранскага звання, зачыняліся манастыры і многія навучальныя ўстановы.
Даследчык гісторыі Браслаўшчыны О. Хедэман па матэрыялах віленскіх архіваў склаў спісы ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг., жыхароў прыдзісненскага рэгіёна, у тым ліку і з тэрыторыі сучаснага Браслаўскага раёна.
А. Панцялейка.
|
|