|
Вайна 1812 г. на Браслаўшчыне
У масштабе вайны 1812 г. пераможны бой пад Друяй - зусім дробны эпізод, які меў больш маральнае, чем практычнае значэнне, тым не менш аб ім даведаліся ў абедзвюх сталіцах. Натоўпы масквічоў збягаліся паглядзець на французскага генерала Сен-Жэні, узятага ў палон пад Друяй.
Афцэр и радавыя Гродненскага гусарскага палка. 1812 г.
У ліпені - жніўні на Браслаўшчыне адбылося яшчэ некалькі сутычак паміж часцямі корпуса Вітгенштэйна і французамі. 25 ліпеня Кульневым былі дасланы кавалерыйскія атрады пад Браслаў і Леанполле. Расіяне ў час гэтых рэйдаў захапілі ў палон 240 салдат і афіцэраў праціўніка.
8 жніўня атрад палкоўніка Альбрэхта пад Друяй захапіў вялікую колькасць лодак, якія французы меркавалі выкарыстаць пры пабудове моста праз Дзвіну.
Праз некалькі дзён палкоўнік Альбрэхт быў накіраваны Вітгенштэйнам у Бяльмонты на разведку і каб захапіць у палон уладальніка маёнтка Мануццы, які супрацоўнічаў з французамі. Акрамя Мануццы расійскія кавалерысты захапілі ў палон 80 чалавек.
Віна графа Мануццы з расійскага пункту гледжання была ў тым, што ён увайшоў у склад адміністрацыі Браслаўскага павета, якая была створана пад наглядам французскіх улад.
Напалеон стрымаў абяцанне аб аднаўленні былога Вялікага княства Літоўскага. Адноўленая дзяржава ахоплівала тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў і Беластоцкай воласці, дзе былі ўтвораны чатыры дэпартаменты. Грамадзянскае кіраванне здзяйснялася Камісіяй часовага кіравання Вялікага княства Літоўскага, у склад якой увайшлі 7 чалавек. Кожны дэпартамент падзяляўся на дзістрыкты, ці паветы, узначальваўся падпрэфектамі. На Браслаўшчыне падпрэфектам стаў прадстаўнік уплывовага шляхецкага роду Міхал Ваўжэцкі.
Для падтрымання парадку ў кожным павятовым горадзе мелася рота жандармаў. У Браслаўскім павеце атрад жандармаў складаўся з 31 чалавека. Яны насілі форму сіняга колеру, аздобленую старажытным дзяржаўным сімвалам - пагоняй.
У ліпені 1812 г. часовы ўрад княства і прадстаўнікі абывацеляў г. Вільні падпісалі акт аб далучэнні княства да генеральнай канфедэрацыі Польскага каралеўства. Гэта азначала спробу аднаўлення былой Рэчы Паспалітай. Неўзабаве акты аб далучэнні да генеральнай канфедэрацыі былі падпісаны ў павятовых цэнтрах. 8 жніўня 240 жыхароў Браслаўскага павета падпісалі акт у Відзах.
Працэс аднаўлення дзяржаўнасці на землях Беларусі і Літвы насіў супярэчлівы характар і быў моцна абмежаваны французскімі ўладамі. Мясцовая адміністрацыя амаль поўнасцю залежыла ад французскіх ваенных чыноўнікаў. Найбольш значныя кіруючыя пасады ў княстве зацвярджаліся непасрэдна Напалеонам. Французскі імператар патрабаваў ад іх у першую чаргу набору для Вялікай арміі салдат, забеспячэння французскіх войск харчаваннем, фуражом. Усё гэта датковымі цяжкасцямі клалася на плечы мірнага насельніцтва Беларусі і Літвы, якое і так моцна пацярпела ад вайсковых пабораў і марадзёрства. Незаконнымі рэквізіцыямі, марадзёрствам адзначаліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы, у тым ліку і на Браслаўшчыне, абедзьве арміі. Ёсць шмат таму пацвярджэнняў.
Апошняя з вядомых звестак аб баявых дзеяннях на Браслаўшчыне датуецца 28 лістападам, калі расійскія кавалерысты пад камандаваннем сотніка Сідарава з Данскога казацкага палка прымусіў непрыяцеля канчаткова пакінуць Відзы. Апісанне гэтага выпадку сведчыць, што зрабіць гэта сотнік здолеў усяго з 23 казакамі, пасля чаго "благопристойным образом привёл по здешнему уезду обывателей к верно-подданейшему его императорскому величеству повиновению и послушанию". Якім чынам зрабілі гэта казакі, дакумент замоўчвае.
Падзеі вайны 1812 г. пакінулі даволі трывалы след у памяці жыхароў края. Многія курганы, некаторыя гарадзішчы называюцца старажыламі французскімі магіламі. Захавалася некалькі паданняў, звязаных з напалеонаўскай вайной. Большасць з іх апавядае пра скарбы, нібыта схаваных у пэўных месцах французскімі войскамі. Паданне аб дубе-патрыярху ў Опсе сцвярджае, што пад гэтым дрэвам адпачываў сам імператар Напалеон і прывязваў да ствала свайго каня...
|
|