Паўстанне 1794 г.

Паўстанне 1794 г. было скіравана не толькі супраць акупацыйных войскаў Расіі, Прусіі і Аўстрыі і на аднаўленне незалежнасці Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Яно мела яскрава выражаны дэмакратычны, антыманархісцкі характар і несла на сабе адбітак ідэй Вялікай французскай рэвалюцыі.

Асабліва радыкальнымі былі лозунгі рэвалюцыйнага ўрада княства Літоўскага. У адозве да насельніцтва ад 24 красавіка пад лозунгам "За нашу і вашу вольнасць!" заклікалася насельніцтва да ўзброенай барацьбы "з мэтай адваяваць волю і грамадзянскае раўнапраўе". Тут жа нагадваліся сувязі з французскім народам і якабінцамі, абвяшчаўся лозунг французскай рэвалюцыі "Свабода, роўнасць, братэрства". Такі радыкалізм віленскай Рады нават выклікаў нязгоду Т. Касцюшкі, які лічыў, што рэвалюцыйныя лозунгі могуць адштурхнуць частку шляхты. Хоць Т. Касцюшка і трымаўся болыш памяркоўнай пазіцыі, тым не менш 7 мая ён выдаў універсал, паводле якога сялянам давалася асабістая воля. Гэта мела вельмі важнае значэнне, бо прыцягнула да паўстання шмат сялян.


На здымку Томаш Ваўжэцкі (1753-1816), генерал-лейтэнант, член Найвышэйшай Нацыянальнай Рады, пераемнік Т. Касцюшкі

Выступаючы супраць царскіх войскаў Найвышэйшая Нацыянальная Рада Вялікага княства Літоўскага звярнулася да простых рускіх жаўнераў з заклікам падтрымаць паўстанцаў як "браты братоў", выступіць супраць царскай тыраніі, скінуць ярмо прыгону. На тэрыторыі Беларусі - састаўной часткі Вялікага княства Літоўскага - паўстанне ахапіла значную частку Віцебшчыны, Вілейшчыны, Гродзеншчыны, Меншчыны, Берасцейшчыны. Удзел у ім прыняло ад 25 да 30 тыс. чалавек.

Актыўны ўдзел у збройным чыне прыняло і насельніцтва Браслаўшчыны. Падзея гэта пакінула глыбокі след у памяці людзей. Яны доўга захоўвалі сведчанні аб месцах сутычак паўстанцаў з карнікамі, аб найбольш яскравых фігурах барацьбітоў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны. Народным героем стаў Т. Касцюшка - нараджэнец беларускай зямлі. У пачатку XX ст. этнограф В. Камінскі запісаў у Відзах беларускую народную песню, прысвечаную яму і паўстанцам 1794 г. Гэта адно са сведчанняў глыбокай памяці народа аб падзеях той пары.

Захаваўшыяся сведчанні аб паўстанні на Браслаўшчыне ўказваюць і на яго шырокую падтрымку сярод мясцовых жыхароў. Многія атрады налічвалі тут па 100 - 300 чалавек. На апошняй стадыі паўстання на захадзе Браслаўскага павета дзейнічаў атрад, у якім налічвалася каля 5 тыс. чалавек. Шырокім быў і сацыяльны спектр удзельнікаў барацьбы - ад буйной шляхты да сялянства.

Тэрыторыя края была абяскроўлена і знявечана ў перыяд анархіі і панавання Таргавіцкай канфедэрацыі, калі на ёй размяшчаліся значныя вайсковыя падраздзяленні Расіі. Ваенныя сутычкі гэтага перыяду, вайсковыя паборы, рэквізіцыі спусташалі нашу зямлю, давялі да галечы сялян і мяшчан. Насельніцтва Браслаўшчыны было гатова да ўзброенай барацьбы за лепшую долю. 8 мая падкаморы Браслаўскага павета Багуслаў Мірскі, як прадстаўнік часовага паўстанцкага ўрада, выдаў універсал, звернуты да абывацеляў павета, з заклікам узяць удзел у паўстанні. У адозве, у прыватнасці, адзначалася: "Возмемся ўсе за рукі, станем апорай і абаронцамі зямлі, Айчыны нашай, вольнасці і жыцця". Універсал заклікаў паўстанцаў сабрацца 11 мая каля Браслава. На дапамогу ім з Вільні быў накіраваны атрад у 3 тыс. чалавек. Весткі аб намеры паўстанцаў хутка дайшлі да камандавання расійскіх часцей, размешчаных непадалёку - уздоўж дзяржаўнай мяжы. 10 мая ў Перабродзе з войскамі прыбыў секунд-маёр Стафеапула, які імклівым начным маршам рушыў на Браслаў. На досвітку расійскія салдаты ўварваліся ў соннае мястэчка, на вуліцах якога завязаўся бой. Паўстанцы і мірныя жыхары панеслі значныя страты. Загарэліся касцёл, грамадскія будынкі, хаты, а незабаве запалала ўсё мястэчка. Тады расійскі атрад пакінуў Браслаў і накіраваўся ў бок Друі. 3 другога боку да горада наблізіўся атрад прыкладна ў 200 чалавек Б. Мірскага. Аднак, убачыўшы пажар, ён павярнуў назад. Па розных меркаваннях, у браслаўскім баі магло ўдзельнічаць ад 300 да 1000 чалавек. Каля 100 чалавек было забіта, 13 паўстанцаў салдаты захапілі ў палон.

Браслаўскае паражэнне хоць і было адчувальным для канфедэратаў, не спыніла паўстання ў краі. У маі -чэрвені 1794 г. на Браслаўшчыне ў розных яе мясцінах адбываліся сутычкі паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі. Захаваліся сведчанні аб атрадзе Лапацінскага з Ёдаў, які складаўся са 100 чалавек, а таксама аб атрадах генерала Аскеркі і браслаўскага суддзі Беліковіча. 25 мая паўстанцкі атрад колькасцю 150 чалавек размяшчаўся ў наваколлі Богіна. У гэты ж дзень невядомы атрад паўстанцаў напаў на расійскія часці каля Замошша. 3 чэрвеня каля мястэчка Угар канфедэраты напалі на абоз графа Мануццы, які ахоўвалі расійскія салдаты. 8 чэрвеня адбылася сутычка атрада пад камандаваннем Б. Мірскага з палком грэнадзёраў пад в. Абаб'е. 13 чэрвеня паўстанцы правялі аперацыю ў раёне в. Чэрнішкі. Мелі месца сутычкі з непрыяцелем у раёне Відзаў. Адначасова павялічыўся на Браслаўшчыну і наплыў расійскіх часцей. У прыватнасці, тут дзейнічалі падраздзяленні генералаў Лукашэвіча, Германа, палкоўнікаў Сакена, Муханава, Бешанцова, графаТалстога. Гэтабылі рэгулярныя войскі, добра ўзброеныя і абучаныя, маючыя вопыт баявых дзеянняў. Процістаяць такой моцы канфедэраты не маглі, тэрыторыя іх уплыву няўхільна скарачалася.

У канцы чэрвеня - ліпеня ў заходняй частцы Браслаўскага павета (сучасная тэрыторыя Літвы) яшчэ дзейнічаў буйны атрад паўстанцаў пад камандаваннем павятовага генерал-маёра Казіміра Беліковіча. У канцы ліпеня ён нечакана напаў на расійскі атрад каля м. Салокі. Непрыяцель адступіў, пакінуўшы на полі бою 52 чалавекі забітымі, у тым ліку і палкоўніка Сакена. Аднак гэта перамога не аказала ніякага ўплыву на ход паўстання. Атрад пад камандаваннем К. Беліковіча прыняў удзел і ў дыверсійным рэйдзе М. Агінскага пад Дынабург у жніўні 1794 г. Славуты кампазітар і вядомы дзяржаўны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі быў актыўным удзельнікам паўстання з самага яго пачатку. Непасрэдна перад гэтым ён валодаў у 1790 -1794 гг. маёнткам Дрысвяты. У 1794 г. Агінскі прадае маёнтак за 2,2 млн. злотых. У гэтым жа годзе ахвяруе на паўстанне 118 тыс. злотых і экіпіруе атрад у 480 чалавек. Узначаліўшы невялікі атрад у некалькі соцен чалавек, М. Агінскі здзяйсняе некалькі дыверсійных рэйдаў па тэрыторыі, занятай карнымівойскамі. У канцы ліпеня 1794 г. М. Агінскі атрымаў дазвол "учыніць дыверсію" у наваколлі Дынабурга. 1 жніўся 1794 г. атрад Агінскага колькасцю250 чалавек пакінуў Вільню. Па дарозе ён злучыўся з аддзеламі павятовых генерал-маёраў, у тым ліку і з аддзелам К. Беліковіча. Атрад павялічыўся да 1 тыс. конных і 1,5 тыс. пяхоты. Аднак узброены паўстанцы былі вельмі дрэнна. Большасць пяхоты з сялян-касінераў мела косы і дзіды. 3 артылерыі меліся дзве гарматы. Агінскі назваў сваё войска самаахвярным і самаадданым, але, на жаль, кепска дысцыплінаваным.З'яўленне хаця і слаба баяздольнага, але даволі вялікага атрада ў тыле царскіх войск выклікала няўпэненасць у расійскіх камандзіраў, тым больш, што Агінскі спецыяльна распаўсюджваў звесткі аб значна большай колькасці свайго атраду. На Браслаўшчыне, пад Дусятамі М. Агінскі пакінуў большую частку паўстанцаў, сам жа з атрадам вершнікаў накіроўваецца пад Дынабург. Атрад некалькі дзён дзейнічаў у наваколлі горада. 12 жніўня стала вядома аб падзенні Вільні і М. Агінскі пакідае тэрыторыю Браслаўшчыны.

3 Браслаўшчынай звязаны таксама лёс яшчэ двух відных дзеячаў паўстання 1794 г.: Томаша Ваўжэцкага, генерал-лейтэнанта, члена Найвышэйшай Нацыянальнай Рады, пераемніка Т. Касцюшкі на пасадзе начальніка паўстання, які нарадзіўся пад Відзамі і пахаваны ў гэтым мястэчку, і Юзэфа Копаця, брыгадзіра паўстання, аўтара цікавых успамінаў, які пахаваны ў в. Лушнева непадалёку ад Дрысвятаў.