Замкавая гара ў Браславе



Гарадзішча Замкавая гара размешчана у цэнтры горада Браслава паміж азёрамі Дрывяты і Навяты. Упершыню археалагічныя даследаванні гэтага помніка ў 1955-1956 гг. правёў Л. В. Аляксееў. У 1989-1990 гг. Г. М. Семянчук (у 1989 г. - разам з М. А. Ткачовым). Усяго раскапана 900 м2 ва ўсходняй і заходняй частках пляцоўкі.

Гарадзішча знаходзіцца на пагорку вышынёй 14 м, які дамінуе над навакольнай мясцовасцю. Пляцоўка памерамі 200x100 м умацавана валам вышынёй ад 3 - 4 м на паўднёвым усходзе да 9 м на паўночным захадзе. Даследаванні абарончых збудаванняў ва ўсходняй частцы помніка дазволілі прасачыць стратыграфію і элементы вала, вылучыць тры этапы яго будаўніцтва.

Першапачатковымі жыхарамі гарадзішча на невялікай адлегласці ад края пляцоўкі быў выкапаны роў. Вынутую з яго зямлю выкарысталі для будаўніцтва ўнутранага вала, знешні бок якога ўмацавалі глінай. На яго грэбні была размешчана драўляная канструкцыя - хутчэй за ўсё частакол, ніжнія канцы якога ўмацоўваліся камянямі. Гэтая абарончая сцяна ў XI ст. загінула ў выніку пажара.

У далейшым пляцоўка паселішча была пашырана, а вал, у які трапілі і рэшткі спаленай драўлянай сцяны, быў насыпаны з суглінка і вынесены на край гарадзішча. Пры яго будаўніцтве, верагодна, быў знівеліраваны і роў. У аснаванне новага насыпу былі закладзены драўляныя канструкцыі, рэшткі якіх захаваліся ў выглядзе размешчаных паралельна краю пляцоўкі апаленых бярвенняў ці дошак.



Знаходки з гарадзішча Замкавая гара.

На апошнім, трэцім этапе (XV -XVIII ст.) вал значна павялічыўся ў вышыню. Пры гэтым ён насыпаўся ў некалькі прыёмаў, пра што сведчаць цёмныя праслойкі, рэшткі пахаванага гумусу, якія прасочваюцца ў пяску. Пад час раскопак высветлілася, што культурныя напластаванні старажытнага паселішча Браслава Замкавай гары маюць магутнасць ад 2 м каля валоў і памяншаюцца да 0,25 м у напрамку да цэнтра пляцоўкі. Л. В. Аляксееў падзяліў іх на тры выразныя гарызонты: ніжні, сярэдні, які аддзяляецца ад папярэдняга рэшткамі пажарышча, і верхні.

На падставе аналізу археалагічнага матэрыялу яны датуюцца наступным чынам:
1) трэцяя чвэрць I тысячагоддзя н. э. - пач. XI ст.,
2) XI - XIII ст.,
3) XIVXVIII ст.


Трэба адзначыць, што на гарадзішчы ў Браславе амаль не захаваліся прадметы арганічнага паходжання, таму вельмі цяжка прасачыць планіроўку і забудову гэтага населенага пункта. У слаях XI -XIII ст. ва ўсходняй частцы гарадзішча знойдзены рэшткі толькі двух драуляных пабудоў: адна памерам 4x4 м з ачагом у паўночным куту, другая - ніжнія вянцы гаспадарчай пабудовы даўжынёй 2,2 с. А таксама ў заходняй частцы пляцоўкі выяўлена пабудова ў выглядзе прамавугольнага паглыблення (ад дзённай паверхні да 2,5 м) у мацярык памерамі 3,20x2,40 м, у якім захоўваліся рэшткі моцна спаленай драўлянай падлогі. На падставе знаходак (кераміка, добра захаваны навясны цыліндрычны замок) гэтая пабудова функцыянавала ў XIII -XIV с,т. Аднак, абапіраючыся на магутнасць культурных напластаванняў і насычанасць іх археалагічнымі матэрыяламі заўважаем, што паўночнаўсходняя і ўсходняя часткі гарадзішча Замкавая гара больш інтэнсіўна выкарыстоўваліся насельніцтвам, чым заходняя.

Ніжні культурны пласт магутнасцю каля 0,25 м мае інтэнсіўны чорны колер. У ім выяўлена шмат ляпной керамікі другой паловы I тысячагоддзя н. э. Яна выглядае даволі груба: дрэнна апаленая, тоўстыя сценкі з гузаватай паверхняй, невялікія і слаба адагнутыя наружу венчыкі. Падобная кераміка тыповая для гарадзішчаў паўночнай Беларусі ў акрэслены час. Зроблены аналіз астэалагічнага матэрыялу з ніжняга пласта сведчыць аб перавазе ў жывёлагадоўлі свінняў, што было характэрна для латгальскіх плямён.

Ніжні гарызонт аддзелены ад сярэдняга рэшткамі пажарышча таўшчынёй 5 - 20 см, у якім былі знойдзены наканечнік суліцы з лістападобным пяром, калачападобнае крэсіва, з "язычком", жалезны ключ ад трубчатага замка, шматслойныя нажы і інш. Усе пералічаныя рэчы параўнальна тыпалагічным метадам датуюцца сярэдзінай X -XI ст. Менавіта ў гэты час і адбылася катастрофа на Замкавай гары у Браславе, калі было знішчана папярэдняе паселішча.

Наступны перыяд у гісторыі Замкавай гары звязаны з росквітам населенага пункта. Культурныя напластаванні XI - XIII ст. магутнасцю 0,6 - 0,7 м утрымліваюць багаты і разнастайны археалагічны матэрыял, які пры адсутнасці пісьмовых звестак з'яўляецца адзінай крыніцай нашых ведаў аб эканамічным жыцці, развіцці гаспадаркі, гандлёвых сувязях, узроўні матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва старажытнага Браслава і бліжэйшага наваколля. Раскапаныя рэчы былі зроблены з жалеза і каляровых металаў, гліны і каменю, косці і шкла. Частка іх была мясцовай вытворчасці, а частка імпартавана.

У першую чаргу вылучаюцца прадметы бытавога прызначэння з жалеза. Калачападобныя з "язычком" і авальныя крэсівы, замкі і іх часткі, ключы, 4 экземпляры спружынных нажніц, рыбалоўныя кручкі і восці, шмат розных рэчаў і іх фрагментаў (цвікі, іглы і шылькі, скобы, дужкі ад вёдзер і інш.). Вялікую калекцыю складаюць нажы, якія распаўсюджаны на гарадзішчы ва ўсіх храналагічна выдзеленых гарызонтах. Металаграфічны аналіз, зроблены М. Ф. Гурыным, паказаў, што яны адносяцца да XI -XIII ст. і рабіліся па наступных тэхналагічных схемах: да цэнтральнай стальной пласціны з абодвух бакоў прыварваліся жалезныя палосы (так званы "пакет"); наварка рабочай стальной часткі на жалезную аснову ляза; цэльнажалезныя і цэльнастальныя зробленыя метадам уваркі і цэментацыі з наступнай тэрмічнай апрацоўкай.

На Замкавай гары у Браславе знойдзены 16 наканечнікаў чарашковых і ўтульчатых стрэлаў XI -XVI ст., суліцы, дзве баявыя сякеры XI -XIII ст., рэшткі пікі, элементы рыштунку вершніка (шпоры, страмёны) і каня (падковы, цуглі, збруйныя спражкі).

Больш за ўсё ў культурных напластаваннях Замкавай гары захаваліся рэшткі ганчарных вырабаў. Гэта шматлікія фрагменты гаршкоў, збаноў, місак, накрывак. Яны зроблены на ганчарным коле, часта з хвалявідным арнаментам, рыфленнем, шматраднымі пазногцевымі ўцісканнямі. На донцах сустракаюцца розныя клеймы ў выглядзе салярных знакаў, упісаных канцэнтрычных колаў, крыж у коле, "сонейка" і інш. Гэта сведчыць аб наяўнасці прамысловай вытворчасці керамічнага посуду.

Вельмі важнымі для гісторыі Браслава з'яўляюцца адзінкавыя фрагменты імпартнай керамікі: часткі прычарнаморскіх амфар XII -XIII ст. і рэйнскага каменнага тавару XVI ст. (на адным кавалку захаваўся медальён партрэт). Таксама на Браслаўшчыну з Кіеўскага Падняпроўя завозіліся шыферныя прасліцы ружовага, шэрага і фіялетавага колеру. Падчас раскопак было выяўлена некалькі дзесяткаў экземпляраў. Касцяныя вырабы прадстаўлены трапецыяпадобнымі і прамавугольнымі двухбаковымі грэбнямі XI -XIII ст. (наадным была выдрапана сімвалічная фігура жанчыны), тронкамі нажоў, праколкамі, порхліцай з рогу і лашчылам, інструмент, які выкарыстоўвалі ганчары.

Шматліка і разнастайна прадстаўлены сярод археалагічных матэрыялаў з Замкавай гары ювелірныя вырабы і ўпрыгажэнні. На сучасным узроўні навукі менавіта гэтая катэгорыя знаходак дае найболыную інфармацыю аб этнічным складзе насельніцтва старжытнага Браслава, яго гнадлёвых і культурных сувязях.

Са славянамі, іх уплывам можна звязваць бранзалетападобныя з завязанымі канцамі "крывіцкага" тыпу і паўтараабаротныя скроневыя кольцы, кручаныя бранзалеты, дротавыя пярсцёнкі, шкляныя і каменныя пацеркі (пазалочаныя цыліндрычныя і бочкападобныя, зонныя блакітнага колеру, прызматычныя і біпірамідальныя з сердаліку) і адзін фрагмент шклянога бранзалета.

Значны працэнт складаюць і ўпрыгажэнні балцкага характару. На Замкавай гары гэта бранзалеты з зааморфнымі канцамі, зробленыя з іх абломкаў пярсцёнкі, складаныя трапецыяпадобныя падвескі з цыркульным арнаментам, бразготкі з крыжападобнай прораззю, фрагменты шыйных грыўнаў, спіралепадобныя пранізкі, падковавідныя фібулы. Знойдзена чарапахападобная фібула XI - XII ст.
Такія былі шырока распаўсюджаны сярод фінскага племені ліваў, да якіх прататыпы гэтых упрыгажэнняў завезены са Скандынавіі ў X -XI ст.

На здымку
чарапахападобная
фібула XI - XII ст.


Выяўлены таксама тры нацельныя крыжыкі: 2 бронзавыя і адзін каменны. З'яўленне хрысціянскай атрыбутыкі бяспрэчна сведчыць аб пранікненні хрысціянстваў гэты рэгіён Беларусі. А знойдзеныя ў Браславе два жалезныя пісалы-сцілі XII - XIII ст. гавораць аб наяўнасці граматных людзей сярод насельнікаў Замкавай гары.

Культурныя напластаванні верхняга гарызонту маюць магутнасць 0,2 - 0,4 м. Безумоўна, некалі яны былі значна большыя. Па колькасці знаходак ён саступае папярэдняму, аднак некаторыя прадметы і цэлыя катэгорыі маюць важнае значэнне для асвятлення гісторыі і культуры Браслава XIV -XVIII ст. Менавіта ў гэтых напластаваннях знойдзена большасць відаў ганчарнай керамікі і кафля (апошняя да нядаўніх часоў не была ўведзена ў навуковы зварот). Усю знойдзеную кафлю ў Браславе можна падзяліць на 2 асноўныя тыпы: 1) гаршковая і 2) каробчатая з румпай. У сваю чаргу першы тып падзяляецца таксама на 2 варыянты: 1) цыліндрычная кафля з круглай прыдоннай часткай. Зроблена яна яшчэ груба, мае тоўстыя сценкі. Вышыня яе 12-13 см, дыяметр вусця 17 - 18 см. Падобная кафля была шырока распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIV -XV ст. 2) гаршковая кафля з квадратным вусцем і круглай прыдоннай часткай. Бакі вусця маюць па 11 см, яна зроблена ўжо з добрага глінянага цеста. Па баках прасочваюцца барозны, якія спрыялі больш трываламу замацаванню кафлі ў пячы. Такая кафля ўжывалася да пачатку XVI ст. ў Браславе. Сустракаецца і міскападобная кафля, яна ідэнтычна другому варыянту, толькі трохі ніжэйшая і існавала адначасова з ім. Другі тып кафлі з Замкавай гары таксама можна падзяліць на 2 варыянты: 1) тэракотавая (чырвонагліняная), 2) паліваная. Зноў жа гэтыя два варыянты па арнаменту дзеляцца яшчэ на віды. Першы варыянт прадстаўлены найбольш шырока і разнастайна сярод усёй знойдзенай кафлі і складаецца з 4 відаў. Першы від - каробчатая кафля з высокай румпай і дэкорам у выглядзе выпуклага кола. Аналагічная мела шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі з другоі паловы XVI ст. Другі від - кафля з раслінным арнаментам. Трэці від - з арнаментам дэкаратыўнага характару. Як другі, так і трэці віды вельмі доўга існавалі (з сярэдзіны XVI да сярэдзіны XVIII ст.) і сустракаюцца пад час археалагічных даследаванняў амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Чацвёрты від - некалькі невялічкіх фрагментаў з літарамі "А" і "5". Другі варыянт гэтага тыпу кафлі (значна меншы па колькасці) - у асноўным кафля з палівай зялёнага колеру з раслінным і дэкаратыўным арнаментам па зместу блізкім да падобнай тэракотавай і пляскатая, шырокая, без арнаменту. Выкарыстоўвалася кафля другога варыянту адначасова з кафляй першага, бо знойдзены яны ў адных пластах. Гледзячы на фактуру і невысокую якасць браслаўскай кафлі, а таксама параўноўваючы з аналагічнай з бліжэйшых месцаў (Друя, Іказнь), можна меркаваць, што большая яе частка выраблялася на месцы.

Унікальнай знаходкай з Замкавай гары ў Браславе з'яўляецца так званы "лічман" - жэтон для лічэння. Падобныя жэтоны выкарыстоўваліся ў Еўропе, у тым ліку і ў Рэчы Паспалітай, да XVIII ст. ў купецкіх і банкаўскіх аперацыях. Экземпляр з Браслава пакуль што адзіны вядомы на тэрыторыі Беларусі. Спектральны аналіз паказаў, што лічман зроблены з чыстай медзі, дыяметр яго 26,5 мм, таўшчыня 1,2 мм. 3 аднаго боку (аверс) на чатырохпольным шчыце аздоблены лаўрамі герб - Ляліва, Карчак і два незнаёмыя, і манаграма з лацінскіх літар: Т -S T - M/ / Д - L, што азначае Theodorus Skumin / /Thesanrarius - Magni Ducatus Lithuanie (Тэадор Скумін - падскарбі Вялікага княства Літоўскага). 3 другога боку (рэверс) - вянок з кветак лілеі і лацінскі тэкст: Domine QVID * EST * HO / MO * QOD (quod) MEM=/OR * ES * EIVS * A (nno) DO (mini) 1586, што ў перакладзе гучыць: "Госпадзі, што ёсць чалавек, калі памятаеш аб ім" і год 1586. Дадзены лічман належыў Тэадору Скуміну Тышкевічу, гербу Ляліва, які з 1586 г. з'яўляўся пісарам і падскарбіем земскім Вялікага княства Літоўскага. Зроблены гэты лічман у другой палове 1586 г. ў Віленскай мянніцы, на рэверсе ёсць яе знак - ліпавае трылісце над сэнтэнцыяй.

Сярод нумізматычных знаходак выяўлена таксама манета канца XIV ст., так званая "кейстутоўка".

Такім чынам, аналіз атрыманага пад час археалагічных раскопак на Замкавай гары у Браславе матэрыялу паказвае, што жыццё на гарадзішчы пачалося з другой паловы I тысячагоддзя н. э. і працягвалася аж да XVIII ст. ўключна. Першапачатковымі насельнікамі былі латгалы. Верагодна, ад іх паходзіць назва населенага пункта. На думку К. Шыдлоўскага, тапонім "Браслаў" можна звязаць з латышскім "брасл" у сэнсе "брод", "вузкі перашыек". Мясцовыя старажылы і сёння ўспамінаюць аб мелкаводнай пратоцы паміж азёрамі Дрывяты і Навята і пра брод па ёй непадалёку ад Замкавай гары. Росквіт паселішча прыпадае на XI -XIII ст., калі Браслаўскае Паазер'е ўваходзіла ў склад Полацкай зямлі, першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі. Геаграфічнае размяшчэнне ў зоне славянабалцкіх кантактаў вызначылі Браслаў як парубежную крэпасць Полацкай дзяржавы ў раннім сярэднявеччы. Сістэма прыродных (гарадзішча амаль з трох бакоў абкружана азёрамі) і штучных абарончых умацаванняў, магутнасць культурных напластаванняў, колькасць і функцыянальнае прызначэнне знойдзеных рэчаў сведчаць, што Браслаў з'яўляўся ў гэты перыяд сваёй гісторыі населеным пунктам гарадскога тыпу, эканамічным, адміністрацыйным і каланізацыйным цэнтрам Полацкага княства з даволі развітай гаспадарскай. Змешанае славянабалцкае насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, жывёлагадоўляй і разнастайнымі рамёствамі (ганчарным, кавальскім, ювелірным, кастарэзным, ткацкім і інш.). Браслаў меў цесныя сувязі з Полацкам і іншымі гарадамі Полаччыны і Русі, з Прыбалтыкай і Скандынавіяй.

Г. Семянчук.