Валуны Браслаўшчыны

Адметная асаблівасць Браслаўшчыны - разнастайныя валуны. Яны, як і маляўнічыя азёры, грады і пагоркі, засталіся на месцы ледавіка, які па геалагічных мерках зусім нядаўна - каля 15 тыс. гадоў назад - пакрываў гэты край. Таму камяні часта называюць ледавіковымі. Яны былі прынесены сюды са Скандынавіі і прападарожнічалі ў лёдзе многія і многія кіламетры.

На здымку Мартін камень каля в. Лайбуны


Памер ледавіковых валуноў звычайна з кулак, гарбуз ці крыху болей. Зрэдку сустракаюцца камлыгі ў 2 -3 м, рэкардсмэны ж набліжаюцца да 5 м і важаць дзесяткі тон. Часцей за ўсё буйныя валуны складзены гранітам. Сярод іх значную частку займаюць так званыя рапаківі (на іх радзіме, у Фінляндыі, гэта азначае "гнілы камень"). Другі раз сярод камянёў трапляюцца гнейсы і іншыя горныя пароды.

Усе вялікія валуны з'яўляюцца ўнікальнымі прыроднымі ўтварэннямі. У Браслаўскім раёне каля 20 такіх камянёў абвешчаны помнікамі прыроды. Але валуны цікавыя не толькі гэтым. Як зараз даказана, на Беларусі многія камяні абагаўлялі, насілі ім ахвяру, прасілі аб дапамозе. Па ўсіх прыкметах рэшткі таго культу захаваліся і на Браслаўшчыне. Водгукі мінулага шанавання валуноў адбіваюцца ў легендах і паданнях, уласных назвах каменя, штучных выявах і выемках.

У апошнія гады ў розных мясцінах паўночнага захаду Беларусі адшукалі з тузін валуноў, на паверхні якіх выразна бачны штучныя ямінкі. Тры такіх камяні выяўлены на Браслаўшчыне. Першы з іх ляжыць каля вёскі Стара-Дворышча. Гэтая шэрая гранітная глыба мае досыць буйныя памеры (даўжыня дасягае 3,75 м; а шырыня - 2,2 м), хаця выступае з зямлі ўсяго на некалькі дэцыметраў. На амаль гарызанстальнай паверхні каменя 7 лунак дыяметрам 4 - 5 см і глыбінёй 0,5 - 2 см. Размяшчэнне ямінак чымсьці нагадвае люстраны адбітак сузор'я Вялікай Мядзведзіцы.

Другая мечаная камлыга месціцца побач з вёскай Сіпавічы. Гэты камень яшчэ большы - мае даўжыню 3,9 м, шырыню - 2,7, вышыню - 1,4м. На ім захавалася ямінка, дыяметр якой 5 см, глыбіня 3 см і прыпаліраваныя сценкі. Валун у мясцовых жыхароў атрымаў назву Камень у Прыдатках.

Трэці з гэтай групы валуноў знаходзіцца ў лесе на поўнач ад вёскі Пашавічы, недалёка ад возера Дрысвяты. Хоць гэты бураваты валун рапаківі параўнальна невялікага памеру (даўжыня 1,5 м, шырыня 1,0, вышыня 0,3 м), затое на яго паверхні 11 выемак папярочнікам да 5 см і глыбінёй да 3 см.

Гэта толькі на Беларусі камяні з ямінкамі рэдкія. У Паўночнай Еўропе іх безліч. У Эстоніі, напрыклад, іх больш за 1100, мноства іх у Фінляндыі, Карэліі, суседніх Літве і Латвіі. Ямінкі таго ж выгляду, што і ў нас. Праўда, там трапляюцца камлыгі, верхняя роўніца якіх усеяна сотнямі паглыбленняў.

Звычайна такія валуны сустракаюцца каля азёр, рэчак, ручаёў. Зараз большасць спецыялістаў лічаць, што ямкі буравілі людзі, якія жылі 2,5 - 2 тыс. гадоў назад. Лункі мелі сакральнае прызначэнне. Многія даследчыкі прыпісваюць рытуалы, якія адбываліся каля такіх камянёў, шырока распаўсюджаным у мінулым культам продкаў ці ўрадлівасці. На Беларусі падобныя камяні часта носяць назву Чортавых. Калі грунтавацца па арэалу распаўсюджвання тых валуноў, узнікаюць падставы аднесці стваральнікаў ямінак да фінаугорскіх плямёнаў. Праўда, мікратапанімы і легенды дазваляюць зрабіць выснову, што і ў час славянскага язычніцтва камяні шанавалі, каля іх хутчэй за ўсё прасілі дапамогі ў Вялеса (Воласа) - ахоўніка хатняй жывёлы.

Адно з буйнейшых азёр Браслаўшчыны таксама носіць імя Воласа. У свой час В. А. Жучкевіч, аўтар тапанімічнага слоўніка, дапускаў, што ў аснове гэтай назвы ляжыць балцкае "вал". Сувязь з паганскім Вялесам - Воласам нават не шукалася, хоць якраз яна ляжыць на паверхні. Недалёка ад паўночнага берага таго возера захаваліся рэшткі Воласкага каменя (калісьці, да меліярацыі, ён месціўся ля вады). Гэты вялікі валун бураватага патрэсканага рапаківі ("гніляк") мае даўжыню 3,7 м, шырыню 1,9 м, вышыню - ад 0,5 да 1,4 м. Зараз ён значна пашкоджаны вогнішчамі, якія раскладалі на ім пастухі. Па аднаму з мясцовых паданняў, камень патрэскаўся на кавалкі таму, што ў яго біў Пярун. Многія прыкметы сведчаць, што на месцы каменя ў дахрысціянскі час месцілася свяцілішча Вялеса (Воласа), якога шанавалі і славяне, і балты.

Трэба адзначыць, што розныя паганскія культы, звязаныя са свойскай жывёлай, былі ў мінулым на Браслаўшчыне асабліва пашыраныя. Так, каля вёскі Чэрнішкі ля берага возера Струста ляжыць мажны гранітны валун шэрага колеру (даўжыня 3,35 м, шырыня 2,8 м, вышыня 2,2 м). У наваколлі можна пачуць, што калісьці гэты камень навісаў над абрывам. Аднойчы, калі ліў моцны дождж, глыба спаўзла і прыціснула карову, якая стаяла каля вады. Быццам бы з той пары камлыгу завуць Кароўнікам альбо Каровіным камянём. Недалёка ад яго з вады выступае невялікі гранітны валун - следавік. Хутчэй за ўсё гэтыя камяні ўваходзілі ў культавы комплекс Вялеса.

Яшчэ адзін падобны валун захаваўся каля вёскі Варапаншчына ва ўрочышчы Гай. Тут ружова-чырвоны пегмацітавы гранітны блок дасягае ў даўжыню З,8 м, шырыню 2,8, вышыню 1,9 м. Аб тым, што ён таксама мае нейкае дачыненне да свойскіх жывёл, сведчыць яго імя - Пастушы камень.

У Браслаўскім раёне недалёка ад пасёлка Відзы і побач з вёскай Лайбуны вядомы ружовы валун граніта рапаківі з дзіўнаватай назвай Марцін камень. У яго значныя памеры: даўжыня 4,05 м, шырыня 3,25, вышыня 0,75 м. Людзі з тутэйшага наваколля думаюць, што, магчыма, гэта зямля калісьці належала нейкаму гаспадару Марціну, і таму такое ў каменя імя. Але валуны з той жа назвай сустракаюцца і ў іншых раёнах нашай рэспублікі, а таксама ў Літве і Латвіі. У Латвіі да таго ж існуе амаль язычніцкае свята ў гонар Марціна. Яго спраўляюць, калі сабраны ўраджай. У такі дзень трэба з'есці гуся. Верагодна, Марцін камень - культавы. Каля яго дзякавалі старажытных багоў за ўрадлівасць і прыбытак.

Па ўсёй Беларусі шырока вядомы Чортавы камяні. Не абмінулі яны і Браслаўшчыну. Адзін з іх - ружова-шэры мігмацыт - захаваўся ў крушні ва ўрочышчы Задворцы на поўнач ад вёскі Багданава каля ўсходняга берага Багданаўскага возера. Валун такі важкі (даўжыня 3,45 м, шырыня 3,1, вышыня 2,0 м), што ў крушню яго цягнулі тры трактары. Ад першапачатковага месца яму прышлося "адпаўзці" прыкладна на 70 м. Багданаўскі чорт, калі верыць мясцовым легендам, любіў сядзець у паглыбленні - ямцы на камені. Ён быў майстрам на ўсе рукі. Вось чаму валун можна аднесці да ліку тых шырока вядомых на Беларусі камянёў, якія атрымалі мянушку краўцы ці шаўцы.

Дачыненне да нячысціка мае і ружовы валун рапаківі з назвай Чортаў след. Ляжыць ён у лесе за 2 км на захад ад вёскі Булавішкі. Ён мае даўжынюЗ,2 м, шырыню 1,7, вышыню 1,4 м. На камені выразнае паглыбленне, якое нагадвае адбітак правай чалавечай нагі (даўжыня следа 22 см, шырыня 11, глыбіня да 4 -7 см). Гэта тыповы камень-следавік. Ад жыхароў наваколля можна пачуць легенду, што калісьці гэты камень месціўся побач з балотцам, быў мяккім і пакрыху рос. Аднойчы каля валуна праходзіў чалавек. У гэты момант з балота выскачыў чорт, накінуўся на чалавека і наступіў на камень. 3 таго часу валун перастаў расці, а на ім астаўся адбітак нагі. Цікава, што тое ж паглыбленне на камені другі раз называюць Божым следам. Падобныя двайныя імёны вядомы і ў іншых кутках Беларусі.

Тыя, каго зараз залічваюць да чарцей, у старажытнасці былі багамі. Вось чаму мікратапанімы з прыгадваннем нячысціка з'яўляюцца прыкметай паганскага свяцілішча ці іншага культавага месца. На Браслаўшчыне на возеры Рычы ёсць мыс, які іншы раз называюць Чортавай дарогай. Хутчэй за ўсё, у глыбокай даўніне гэты мыс вылучаўся сярод іншых і тут спраўлялі нейкія абрады.

З прыведзенага вынікае, што на Браслаўшчыне нямала аб'ектаў, якія ў дахрысціянскую эпоху былі месцамі малення і ахвярапрынашэнняў. У раннеславянскай хрысціянскай літаратуры такія рытуальныя мясціны называлі капішчамі, трэбніцамі, кумірніцамі, прошчамі. Звычайна капішчы размяшчалі на самым відным месцы, каля населеных пунктаў, або ў ціхім цяжкадаступным куточку сярод лясоў і балот. Звычайна гэтыя храмы старажытнасці будавалі на высокіх мысах і стромкіх берагах, астравах. Побач, як правіла, быў святы гай, возера ці рака, ручай або студня. Нярэдка тут гарэў зніч - вечны агонь. Галоўнай святыняй звычайна быў драўляны ці каменны стод. На нашай зямлі ролю такога ідала часта выконваў і ледавіковы валун. У рытуальны комплекс маглі ўваходзіць забудовы, якія выконвалі ролю храмаў.

Вядома, што яшчэ ў мінулым стагоддзі на востраве возера Богінскае было схавана капішча. Тут стаяла паганская бажніца з адным акенцам. Праз яго роўна ў поўдзень падаў прамень сонца. Знайшлі на тым востраве і каменны стод з адбітай галавой. Рукі выявы бога былі складзены на грудзях. На жаль, сучасныя пошукі пакуль не прывялі да знаходкі рэшткаў тых старажытных святынь.

Ёсць прыкметы, што капішчы былі на Браслаўшчыне і ў іншых кутках. На востраве Краснагорка, што на возеры Снуды, захавалася кампазіцыя з трох валуноў (сярод іх камлыга даўжынёй у 4,4 м), адзін з камянёў у ёй мае форму ахвярніка. Здаралася, што капішчы былі і своеасаблівымі астранамічнымі абсерваторыямі. На іх паганскія жрацы вызначалі дзень сяўбы, жніва, свят. Многае гаворыць за тое, што адна з тых абсерваторый знаходзілася ва ўрочышчы Камяніца на мысу ўсходняга берага возера Дрысвяты. Тут вакол выцягнутага гранітнага валуна (даўжыня 2,75 м), які нагадвае ахвярнік, паўкругам раскладзены меншыя валуны-арыенціры. Нейкае капішча, прысвечанае Пяруну, калі верыць гаворкам старых людзей, калісьці існавала і на беразе возера побач з Браславам.

Розныя здарэнні, якія быццам бы адбываюцца каля валуна, - адна з прыкмет культавага каменя ці месца. Акурат такі валун ляжыць каля вёскі Сташэлішкі, недалёка ад Багданаўскага возера (даўжыня 1,7 м, шырыня 1,5 м, вышыня 1,5 м, вышыня прыкладна 1 м). Чаго толькі не распавядаюць пра гэты не самы значны валун граніта рапаківі: то можа здацца, што побач шугае полымя і гарыць лес, то з'яўляюцца і знікаюць незвычайныя сабакі, то пройдзе невядомая бабуля. Да тагож кажуць, што пад каменем схаваны скарб. Спрабавалі капаць - знаходзілі старыя манеты. За ўсё гэта камень празвалі цудадзейным. А тыя манеты, магчыма, прыкмета ахвяр, якія прыносілі каменю.

Калі пашукаць на астравах і берагах азёр, каля балот і на ўзгорках, прааналізаваць легенды і паданні, то яшчэ адшукаюцца і другія куточкі, дзе ў далёкім мінулым здзяйснялі паганскія абрады жыхары Браслаўскага краю. Тыя рэшткі капішчаў могуць належыць не толькі славянам, але і балтам, і нават фінаугорам. Магчыма, пад час славянскага асваення гэтай тэрыторыі галоўнымі багамі былі Вялес (Волас), Пярун, розныя боствы вады, леса і г. д.

Э. Ляўкоў, А. Карабанаў.