Рупліўцы Браслаўскай старасветчыны

Пачатак археалагічнага вывучэння Браслаўшчыны адносіцца да XIX стагоддзя, калі вядомы збіральнік старажытнасцяў А. Плятэр перадаў у Віленскі музей старажытнасцяў каля 100 каменных свідраваных сякер, што былі знойдзены ў ваколіцах маёнтка Бяльмонты. Зараз гэтая калекцыя знаходзіцца ў фондах Гісторыка-этнаграфічнага музея Літоўскай Рэспублікі.

Істотным крокам у археалагічным вывучэнні Браслаўшчыны была дзейнасць Ф. В. Пакроўскага, які ў сувязі з IX археалагічным з'ездам у Вільні (1893 г.) падрыхтаваў і апублікаваў "Археалагічную карту Ковенскай губерніі" (большая частка цяперашняга раёна ўваходзіла тады ў Нова-аляксандраўскі павет гэтай губерні). У той "Археалагічнай карце..." былі ўпершыню апісаны такія помнікі, як курганы каля Бяльмонтаў, Богінкі, Браслава, Даўбораў, ва ўрочышчы Лыска (каля воз. Укля), Майшуляў, Опсы, Цвер'янцаў, гарадзішчы ва ўрочышчах Тарылаўка, Казінец, Лыска (каля вёсак Загор'е і Укля), каля вёсак Зазоны, Опса, Шалтэні. Ф. В. Пакроўскі асабіста правёў раскопкі 20 курганоў у першай курганнай групе і 7 - у другой (каля Бяльмонтаў) і аднёс пахаванні з ляпнымі пасудзінамі да ўсходне-літоўскіх. Раскопкі курганоў вяліся гэтым даследчыкам таксама каля хутара Богінка (Казянскі сельсавет), Даўбораў Далецкага сельсавета, в. Майшулі Зарацкага, Опса, Цвер'янцы Відзаўскага сельсавета. Каля Майшуляў было раскапана 20 курганоў, з іх 12 аказаліся падоўжанымі з рэшткамі трупаспаленняў унутры. У адным насыпе было кола, выкладзенае з камянёў. Косці звычайна ляжалі пад перавернутымі ляпнымі пасудзінамі. Знаходкі каменных свідраваных сякер адзначаліся Ф. В. Пакроўскім у курганах каля Бяльмонтаў, а таксама каля самога Браслава, вёсак Дрысвяты, Мяжаны, Слабодка і ў іншых месцах, а каля Краснагоркі на воз. Снуды ён адзначыў знаходкі апрацаваных крэмняў.

Пра сярэдневяковы замак Сапегаў на востраве возера паблізу в. Іказнь і замак у Друі пісалі ў кнізе "Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў Віленскай губерніі" (1896 г.) краязнаўца А. Сапуноў у суаўтарстве з В. Друцкім-Любецкім. Пэўны ўклад у археалагічнае вывучэнне Браслаўшчыны ўнёс у пачатку XX ст. вядомы даследчык помнікаў беларуска-літоўскага ўзмежжа Вандалін Шукевіч, які выявіў сляды неалітычнага паселішча каля в. Мялка на воз. Дрысвяты. У даваенны час, калі тэрыторыя Браслаўскага раёна разам з усёй Заходняй Беларуссю ўваходзіла ў склад Польшчы, даследаванні помнікаў басейна р. Дзісны праводзілі археолагі Алена і Уладзімір Галубовічы, якія ў той час працавалі ў Віленскім універсітэце. У сваіх публікацыях яны падалі шэраг звестак пра месцы знаходак прыладаў каменнага веку, гарадзішчы, курганы. Так, напрыклад, у былым Браслаўскім павеце яны зафіксавалі гарадзішча каля Устрэжа і Замошша, курганы каля воз. Бестуня, воз. Дрысвяты, Чорнай Гары, Іказні, Рымшанаў (Дрысвяцкі сельсавет), Смолвы, Слабодкі, Відзаў.

У 1923-1927 гг. у тагачаснай сталіцы Літвы - Коўне выходзіў беларускі часопіс "Крывіч". У некалькіх нумарах яго быў надрукаваны навукова-фантастычны раман, а дакладней раман-гіпотэза Вацлава Ластоўскага "Лабірынт". Там згадвалася, што на востраве Богінскага возера яшчэ ў XIX ст. стаў высокі капец, у сярэдзіне якога была "старой веры бажніца" з адзіным акенцам, праз якое прамень сонца трапляў у сярэдзіну роўна ў поўдзень. Гэта бажніца была ўзарвана царскімі войскамі ў час падаўлення паўстання 1863 г. У працы Міхася Мялешкі "Камень у вераньнях і паданьнях беларусаў" (1928 г.) прыводзіліся звесткі, што на востраве Богінскага возера быў знойдзены камень-ідал, які мясцовае насельніцтва называла "Стод". Быў ён велічынёй з палову чалавечага росту, са складзенымі на грудзях рукамі і адбітай галавой. Сярод тутэйшых жыхароў захавалася згадка, што гэты "Стод" знаходзіўся на самым буйным востраве возера. Улічваючы гэта, Э. М. Зайкоўскі у 1986 г. правёў пошукі на востраве.

Гарадзішча, дзе людзі памяталі таксама сляды былога мура. Пры шурфоўцы на вяршыні ўзгорка трапілася ляпная штрыхаваная і гладкасценная кераміка, амулет з прасвідраванага зуба жывёліны. Сляды "бажніцы" і "Стода" выявіць не ўдалося. Астраўное гарадзішча жалезнага веку як паселішча перастала функцыянаваць у пачатку нашай эры і магло быць ператворана ў язычніцкае культавае месца пазней, магчыма, з прыходам сюды славян.

Археалагічныя даследаванні на Браслаўшчыне ў 1938 г. правёў ураджэнец гэтых мясцін Мар'ян Пецюкевіч, вядомы заходне-беларускі культурны дзеяч, які таксама працаваў у Вільні, а пасля вайны выехаў у Польшчу. Каля в. Лосеўшчына Ёдскай гміны ў час раскопак яму трапілася "дагістарычная кераміка". У курганах каля. в. Кузьмаўшчына (цяпер Цяцеркаўскі сельсавет) былі знойдзены металічныя шалі вагаў, жалезны наканечнік дзіды і дзве сякеры. Пры раскопках на хутары Бароўка Ёдскай гміны ў магіле пры касцяку былі выяўлены жалезны нож і спражка, крэсіва, тры абабітыя крэмні, два кавалкі разбітага гаршка, бронзавы крыжык і манета 1566 г. Усе гэтыя рэчы, знойдзеныя М. Пецюкевічам, былі перададзены ім у Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

На працягу другой сусветнай вайны і ў пасляваеннае дзесяцігоддзе археалагічнае вывучэнне Браслаўшчыны перарвалася. Толькі ў 1955 г. маскоўскі археолаг Л. В. Аляксееў правёў абследванне гарадзішчаў на выспе воз. Дрысвяты, а таксама каля Жвірбляў і Зазонаў, Замошша, Іказні, х. Мізары, в. Слабодка, Сутароўшчына, х. Татароўшчына, в. Шавуры. На замчышчы старажытнага Браслава Л. В. Аляксееў правёў раскопкі, у час якіх акрамя матэрыялаў ранне-феадальнага часу, выяўлена кераміка культуры тыпу доўгіх курганаў (VIII - пач. X ст.), а ў 1930-я гг. каля горада знаходзілі залатыя рымскія манеты III-IV ст. н. э.

У 1964 г. сярэдневяковае замчышча ў Друі абследваў Л. Д. Побаль. Трохі пазней ён апублікаваў выяўленую ў 1967 г. мовазнаўцам А. А. Крывіцкім на гарадзішчы каля в. Лукшы Плюскага сельсавета кераміку жалезнага веку і каменныя сякеры. У 1964 г. атрад у складзе археолагаў У. Дз. Будзько, У. Ф. Ісаенкі, М. М. Чарняўскага і I. М. Ціханенкава арганізаваў абследванне раёна Браслаўскіх азёраў, у выніку чаго выяўлены тры месцазнаходжанні каменнага веку на воз. Дрывяты і адно - на воз. Снуды. I. М. Ціханенкаў на беразе воз. Бярозавае, каля в. Крывоўшчына Друйскага пассавета знайшоў сляды селішча VI - IX ст., а каля в. Пузыры Зарацкага сельсавета - стаянку каменнага веку і селішча другой паловы I тысячагоддзя н. э.

У 1972 г. ў сувязі са складаннем "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" суцэльнае абследванне помнікаў Браслаўскага раёна было праведзена М. М. Чарняўскім.

На здымку прылады працы неаліта і бронзавага веку.


У 1976 г. вывучэнне помнікаў канца I - пач. II тысячагоддзя пачала Л. У. Дучыц. Яна праводзіла раскопкі на гарадзішчах Маскавічы і Рацюнкі, а таксама на 15 курганных могільніках. Асабліва вялікую цікавасць уяўляюць вынікі даследванняў на гарадзішчы Маскавічы, дзе ўпершыню ў Беларусі знойдзены косці са скандынаўскімі рунічнымі надпісамі і малюнкамі.

Даследванні помнікаў Браслаўшчыны праводзіў выдатны беларускі гісторык, археолаг, а таксама грамадскі дзеяч М. А. Ткачоў. У 1970, 1976 гг. ён даследаваў гарадзішча і пасад на выспе Замак воз. Дрысвяты, у 1976 г. - астраўное замчышча на воз. Іказнь, у 1990 г. - гарадзішча Замкавая гара ў Браславе.

У 1978 г. пошукі помнікаў неаліту і эпохі бронзы на тэрыторыі раёна праводзіў Э. М. Зайкоўскі. Каля вёскі Разета ва ўрочышчы Балота на беразе воз. Дрывяты, недалёка ад вады, пры шурфоўцы знойдзены абломкі ляпной неарнаментаванай керамікі з тоўстымі сценкамі, якая датуецца трэцяй чвэрцю I тысячагоддзя н. э. Культурны пласт селішча мае магутнасць 0,4 м. У суседнім урочышчы, згодна мясцовай легендзе, закапана залатая карэта, што можа сведчыць пра існаванне і там нейкага старажытнага помніка, магчыма курганоў. Паміж вёскамі Слабодка і Маскавічы, за 1 км ад Слабодкі, на ўскрайку ўзаранага поля, выяўлена шмат фрагментаў ганчарнай керамікі з хвалістым арнаментам, якая датуецца XIV ст. Пры зачыстцы сценак пясчанага кар'ера каля в. Пашавічы Мяжанскага сельсавета прасочаны культурны пласт магутнасцк>0,7 м, у якім знойдзены крэмневыя адшчэпы, косці, фрагменты ганчарнай і гладкасценнай слабаабпаленай ляпной керамікі з дамешкам пяску.

У 1988 г. там выпадкова былі выяўлены рэшткі пахаванняў XIV ст. На левым беразе р. Дзісны паміж в. Перавознікі і мяжой Літоўскай Рэспублікі знойдзены крэмні без слядоў апрацоўкі і абломкі штрыхаванай керамікі жалезнага веку ці нават больш ранняга часу. Акрамя таго, Э. М. Зайкоўскі выявіў шэраг паселішчаў каменнага і бронзавага веку.

З 1981 г. даследаваннем помнікаў каменнага веку займаецца У. П. Ксяндзоў. Ён правёў раскопкі паселішча Дубкі, якое знаходзіцца на беразе воз. Дрывяты на тэрыторыі аздараўленчага лагера "Чайка".

У 1986-1988 гг. раскопкі ў Друі, старажытным паселішчы з багатым культурным пластам перыяду сярэднявечча, праводзіла В. Я. Зайцава.

З 1990 г. раскопкі на Браслаўшчыне праводзіць Г. М. Семянчук. У першы год ён сумесна з М. А. Ткачовым кіраваў раскопкамі браслаўскага гарадзішча, у 1991 г.працягваў тут даследаванні самастойна, у 1992 -1993 гг. праводзіў раскопкі на адкрытым ім грунтавым могільніку Пашавічы, даследаваў падзамак на выспе Замак воз. Дрысвяты і некаторыя іншыя археалагічныя помнікі ў наваколлі возера.

У 1991 і 1992 гг. даследаванні селішча апошняй чвэрці I тысячагоддзя н. э. ва ўрочышчы Тарылава на беразе воз. Укля праводзіў В. I. Шадыра.

З 1982 г. размешчанае побач гарадзішча даследуе А. I. Егарэйчанка.

З 1988 г. ў арганізацыі даследаванняў археалагічных помнікаў Браслаўшчыны прымае ўдзел Браслаўскі гістарычна-краязнаўчы музей. Сумесна з Інстытутам гісторыі АН Беларусі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам у 1988 - 1994 гг. арганізаваны сумесныя экспедыцыі па даследаванню маскавіцкага, браслаўскага гарадзішчаў. курганных могільнікаў каля вёсак Укля і Опса, у Рацкім Бары, археалагічных помнікаў у наваколлі Дрысвяцкага і Богінскага азёраў.

Э. Зайкоўскі.