Унікальны археалагічны помнік



За 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Пашавічы Мяжанскага сельсавета, на мысе воз. Дрысвяты выяўлены і папярэдне даследаваны цікавы і вельмі рэдкі для тэрыторыі Беларусі археалагічны помнік - грунтовы могільнік перыяду ранняга сярэднявечча. Доўгі час археалагічнай навуцы былі не вядомы падобныя помнікі, тады як у суседзяў -латышоў і літоўцаў, іх налічвалася некалькі сотняў. Толькі за апошнія гады археолагі знайшлі і даследавалі два грунтавых могільнікі. Першы - каля в. Казлоўцы Мёрскага раёна, другі - на Браслаўшчыне, каля в. Пашавічы.

Бюст жанчыны з грунтовага могільніка Пашавічы.
Рэканструкція І. Чаквіна.


У адрозненні ад курганных насыпаў грунтавыя могільнікі не вылучаюцца на паверхні зямлі. Таму і менш вядомыя.

У 1991 -1992 гг. аўтар даследаваў помнік у Браслаўскім раёне. Раскапана З7О м. кв. , выяўлена 15 пахаванняў па абраду трупапалажэння, якія размешчаны на лініі поўдзень - поўнач па ўсходняму краю паўвострава адным і двума шэрагамі. 12 касцякоў ляжалі на спіне ў выцягнутым стане, галавой арыентаваныя на захад і паўднёвы захад. Адно пахаванне ўяўляе сабой паўспаленыя косці, сабраныя ў кучу. 5 касцякоў знаходзіліся ў драўляляных трунах памерамі 2,10мхО,6с, 1,85 м х 0,5 м, 180 м х 0,5 м, ад якіх захаваліся выразныя контуры і жалезныя цвікі. Раскапана 11 рытуальных ям авальнай формы дыяметрам ад 0,6 м да 2,6 м, у якіх знойдзены рэшткі вогнішчаў, а таксама косці жывёл, птушак і фрагменты ганчарнай керамікі.

Большая частка выяўленых пахаванняў была з упрыгажэннямі і бытавымі рэчамі. Сярод знаходак 5 пярсцёнкаў з бронзавага дроту, 4 пласцінчатыя з заходзячымі канцамі бронзавыя і адно сярэбранае, паўтараабаротныя скроневыя кольцы дыяметрам 1,5 - 2 см (у адным пахаванні выяўлены камплект па 3 кальцы на скронях), мініяцюрны бронзавы бранзалет з канцамі ў выглядзе змяіных галовак, 2 прамавугольныя бронзавыя спражкі з жалезным язычком і адна лірападобная спражка, 2 бронзавыя паясныя кольцы. Параўноўваючы пералічаныя вышэй рэчы з аналагічнымі з Ноўгарада, Полацка, населеных пунктаў і пахаванняў Браслаўскага Паазер'я, бачым, што яны існавалі пераважна ў XI -XIII ст. Даволі разнастайная і багатая калекцыя пацерак. У адным пахаванні быў знойдзены камплект з 13 шкляных пазалочаных і 3 з горнага крышталю белага колеру; у другім - камплект з 7 карычневых сердалікавых; у трэцім - 3 пацеркі, адна сердалікавая 24-гранная карычневая і дзве шарападобныя белага колеру з горнага крышталю.

Асобнай групай вылучаюцца прадметы быта: 2 ганчарныя гаршкі, 7 жалезных нажоў, 2 касцяныя грабеньчыкі (XI -XII ст.), калачавіднае з язычком крэсіва (X - сярэдзіна XII ст.), вастрыё з рухомым кальцом (XI -XIII ст.), ключ, брусок.

Знойдзены матэрыял і абрад пахавання дазваляюць датаваць грунтавы могільнік каля в. Пашавічы XI -XIII ст. Пры параўнанні пахаванняў з Пашавіч з пахаваннямі ў суседніх Літве і Латвіі, ці некаторых курганах каля Опсы, Уклі, Бяльмонтаў і інш. месцаў на паўночным захадзе Беларусі, кідаецца ў вочы сціпласць і прастата першых, а таксама адносная большасць у іх звычайных бытавых рэчаў. Гэта можа сведчыць аб іншых светаўяўленнях ці іншым узроўні культуры людзей, пакінуўшых нам могільнік на беразе воз. Дрысвяты. Сярод знаходак пераважаюць рэчы, характэрныя для старажытных беларускіх гарадоў (Полацка, Віцебска, Друцка, Браслава, гарадзішча Маскавічы) зяскравымі славянскімі рысамі. Падобнасць некаторых з іх (крэсіва, грабеньчыкі, кераміка, упрыгажэнні, спражкі, вастрыё з рухомым кальцом) да аналагічных з паселішча, якое знаходзіцца на востраве Замак воз. Дрысвяты, ды блізкае размяшчэнне аднаго ад другога (каля 150 м), дазваляюць меркаваць, што грунтавы могільнік каля в. Пашавічы з'яўляецца месцам пахавання жыхароў гэтага населенага пункта. А паколькі археалагічныя даследаванні апошняга часу даказалі, што на востраве Замак размяшчаўся ранні сярэднявяковы горад Полацкай зямлі, не зафіксаваны на старонках летапісаў і хронік таго часу, дык магчыма лічыць археалагічны помнік каля в. Пашавічы першым вядомым гарадскім могільнікам XI -XIII ст. у Паўночнай Беларусі.

Г. Семянчук,