Легенда аб доктары Нарбуце

Доктар Нарбут любіў прыходзіць на Замкавую гару і адсюль любавацца маляўнічымі краявідамі. Пахавалі яго на тым месцы, дзе ён падоўгу сядзеў адзін. Казалі, што яшчэ пры жыцці доктар сам паставіў тут вялізны драўляны крыж. Ён спачатку і стаяў над магілай. Яшчэ казалі, што пад помнікам зроблены склеп. Склеп выклалі з чырвонай цэглы, якая засталася ад будаўніцтва бальніцы. Побач з труной стаіць стол, на якім расстаўлены лекі. Яны дапамагаюць ад усіх хвароб. Ёсць там таксама кніга рэцэптаў. У ёй доктар запісваў рэцэпты самых лепшых лекаў. Шмат гадоў Нарбут шукаў рэцэпт мікстуры, якая б дазволіла рабочаму чалавеку жыць да 100 гадоў, не хварэць і доўга не старэць. Нібыта рэцэпт такой мікстуры доктар Нарбут склаў перад смерцю, але нікому не паспеў перадаць. Можа гэты рэцэпт упісаны ў кнігу, што ляжыць у склепе. Хто ведае.

Запісаў К. Шыдлоўскі.