Станіслаў Нарбут

У Браславе і наваколлі горада добра ведаюць імя доктара Станіслава Нарбута, хаця з часу яго смерці прайшло амаль 70 гадоў. Гэты надзвычай цікавы неардынарны чалавек увасабляў у сабе гуманізм і дзелавую хватку, выключную працаздольнасць і міласэрнасць, жыццялюбства і высокае ўрачэбнае майстэрства, патрыятызм і самаахвярнасць. Імя доктара Нарбута акружана шматлікімі аповядамі і паданнямі, якія і зараз яшчэ можна пачуць ад старых людзей Браслаўскага краю. Помнік на магіле доктара, што знаходзіцца на грэбні высокага абарончага вала Замкавай гары і пануе над наваколлем, - своеасаблівы сімвал Браслава. Чым жа адметнае жыццё браслаўскага доктара?

На здымку С. Т. Нарбут

Станіслаў Нарбут нарадзіўся 4.5.1853 г. ў маёнтку Шаўры на Гродзеншчыне (сучасны Воранаўскі раён). Яго бацька -Тэадор Нарбут (1784 - 1864 гг.) быў разнабакова адораным чалавекам, праявіў сябе як таленавіты ваенны інжынер, гісторык, археолаг, краязнаўца. Ён з'яўляецца аўтарам шматтомнай "Гісторыі літоўскага народа" - аднаго з першых грунтоўных даследаванняў гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

Тэадор Нарбут удзельнічаў у паўстанцкім руху супраць царызму ў 1831 і 1863 гг. За ўдзел у апошнім, а таксама ў сувязі з ганеннямі на старэйшага сына Людвіка Нарбута кіраўніка паўстаўшых у Лідскім павеце, уся сям'я падверглася рэпрэсіям; вялікая частка маёнтка ў Шаўрах, багацейшая гістарычна-археалагічная калекцыя і бібліятэка былі канфіскаваны.

У драматычныя дні 1863 г. 10-гадовы Станіслаў быў у самай гушчыні падзей. Старэйшыя браты Людвік (1832 - 1863 гг.) і Баляслаў (1839-1889 гг.) кіравалі адным з найбольш паспяхова дзеючых атрадаў паўстанцаў на Лідчыне і Радуныпчыне. Сядзіба Нарбутаў у Шаўрах ператварылася ў базу паўстанцкага атрада, месца захоўвання зброі і боепрыпасаў. Толькі гераічная смерць Людвіка ў баі пад Дубічамі 4 мая 1863 г. паклала канец дзеянням патрыятычнай сям'і.

Калі хваля праследаванняў і распраў пачала спадаць, Станіслаў Нарбут, нягледзячы на разгром сямейнага гнязда, змог пры падтрымцы сваякоў і сяброў вучыцца ў Віленскай класічнай гімназіі. Можна з упэўненасцю сказаць, што падзеі 1863 г., гібель старэйшага брата, ссылка і смерць бацькі, ссылка маці і 16-гадовага брата Баляслава, пакаранне К. Каліноўскага пакінулі глыбокі след у сэрцы нашага земляка, які з дзяцінства выхоўваўся ў дэмакратычных традыцыях сям'і Нарбутаў.

У 1872 г. С. Нарбут паступіў у Мюнхенскі універсітэт. Мяркуючы па ўсяму, вучыўся добра, аднак ў яго асабістай справе ёсць успаміны аб удзеле ў студэнцкіх хваляваннях. Санкцыі былі суровымі: выключэнне і арышт. Апошні ўдалося замяніць штрафам і праз некалькі месяцаў аднавіцца ў ліку выпускнікоў. 7 жніўня 1879 г. Станіслаў вытрымаў выпрабаванні на ступень доктара медыцыны. У Мюнхенскім універсітэце С. Нарбут абараніў доктарскую дысертацыю, тэма якой адлюстроўвала сацыяльнае зло сярод сялян таго часу даследаванне было прысвечана паходжанню каўтуна. Першыя гады лячэбнай практыкі прайшлі за мяжой, але нястрымна цягнулі да сябе родная зямля, магілы блізкіх, сябры юнацкіх дзён і нялёгкай маладосці.

Пасля Германіі месцам жыхарства Станіслава Нарбута стала Браслаўшчына. Пакуль дакладна невядома, чаму менавіта сюды прыехаў малады доктар. Магчыма паўплывалі сяброўскія сувязі, ці адносіны з сям'ёй графа Плятэра, з якой Нарбут захоўваў блізкасць да канца жыцця. Для таго, каб займацца лячэннем людзей, паводле існаваўшых на той час правілаў, патрэбен быў дыплом медыка, выдадзены ў Расіі. Станіслаў Нарбут паступіў у Юр'еўскі універсітэт (сучасны Тартускі), які скончыў у 1891 г. з дыпломам лекара. Урачэбную дзейнасць С. Нарбут пачаў на Браслаўшчыне. Меў прыватную практыку ў Друі, Браславе. Толькі ў 1904 г. прадставілася магчымасць паступіць на службу. У Браславе вызвалілася вакансія сельскага ўрача другога ўчастка. Аднак заняць яе ўдалося не адразу. Улады не хацелі прымаць на дзяржаўную службу чалавека нярускага паходжання, каталіка. Пасля таго, як іншых прэтэндэнтаў на вакансію не знайшлося, доктар Нарбут стаў сельскім лекарам у Браславе. Першапачатковыя клопаты Нарбута як сельскага ўрача гэта будаўніцтва бальніцы.

Архіўная справа "Аб перабудове будынкаў Браслаўскай сельскай лячэбніцы гаспадарчым спосабам", якая захоўваецца ў Каўнасе, утрымлівае ўсе перыпетыі будаўніцтва ў перыяд з 5 ліпеня 1905 г. па 24 лістапада 1906 г. Пасля завяршэння будаўніцтва лячэбніцы, выдатнай для такога невялічкага мястэчка, якім быў на той час Браслаў, доктар Нарбут разгарнуў актыўную хірургічную дзейнасць, выконваючы шматлікія віды хірургічнага ўмяшання ў лячэнні хірургічнай, акушэрскай, афтальмалагічнай, гінекалагічнай і оталярынгалагічнай паталогіі, самаахвярна змагаўся з інфекцыйнымі захворваннямі, з высокай у той час дзіцячай смяротнасцю. Доктар быў безадказны ў лячэнні, дапамагаў усім, хто прасіў у яго дапамогі. У тых выпадках, калі чалавек не мог заплаціць за лячэнне, аказваў дапамогу бясплатна, нават дапамагаў набыць лекі.

С. Нарбут быў вядомы таксама і актыўнай грамадскай дзейнасцю. Доўгі час ён узначальваў дабраахвотную пажарную ахову ў Браславе, удзельнічаў у працы страхавой касы, быў рэжысёрам і акцёрам аматарскага тэатра.

Напярэдадні першай сусветнай вайны ён без чаргі быў прадстаўлены да тытула калежскага саветніка і ўзнагароджаны ордэнам св. Станіслава 3й ступені. У гады першай сусветнай вайны, нягледзячы на цяжкае захворванне, Станіслаў Нарбут узначальваў лазарэт на ПаўночнаЗаходнім фронце. Ён нястомна працаваў паблізу баявых пазіцый, імкнучыся як магахутчэй аказаць дапамогу раненым салдатам. Атрыманае баявое раненне робіць яго інвалідам.

Толькі ў пачатку 1919 г. Нарбут зноў вяртаецца да ўрачэбнай практыкі. Польскія ўлады падазрона адносяцца да фігуры "рускага чыноўніка", які пасмеў да таго ж аказаць дапамогу раненым чырвонаармейцам. Нацягнутыя адносіны з віленскай адміністрацыяй застануцца да дня яго смерці. Нарбут, нягледзячы на пярэчанні чыноўнікаў, збірае кадры аховы здароўя, адстойваючы ўрачоў і фельчараў праваслаўнага веравызнання, якія былі непажаданыя польскім уладам. Арганізуе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, санітарную справу.

За спіной пад 70 гадоў, перашкаджае інваліднасць, але доктар усё яшчэ поўны энэргіі. У 1921 г. ён прымае на сябе адказнасць павятовага лекара, канфліктуе з уладамі за вяртанне насельніцтву браслаўскай бальніцы, занятай уладамі пад памяшканне староства і паліцыі. Сваім асабістым прыкладам абуджае культурнае жыццё мястэчка, выдае газету "Дух Браслава". Яго імя можна ўбачыць у розных грамадскіх камісіях, асабліва ён вядомы сваімі непрымірымымі адносінамі да аматараў "зялёнага змея", а таксама да гандляроў, якія спекулююць на гэтай дурной чалавечай прывычцы. I ўсё ж галоўная дзейнасць урачэбная практыка.

Памёр доктар Нарбут пасля цяжкай хваробы, прастудзіўшыся ў непагадзь у час візіту да хворага. Амаль усе жыхары мястэчка праводзілі доктара ў апошні шлях. Запіс у актавай кнізе Браслаўскага касцёла за 1926 г. сведчыць "аб смерці Нарбута Остыка Станіслава, сынаТэадора і Крысціны, які памёр 11 сакавіка 1926 г. у Браславе ад запалення лёгкіх ва ўзросце 73 гадоў. Пакінуў пасля сябе жонку Людвіку з Рудніцкіх, сына Станіслава 21 год, дачок: Марыю 23 гады, Ванду 22 гады, Галіну 16 гадоў.

Пахаваны 15 сакавіка 1926 года на Замкавай гары ксяндзом Юзэфам Савіцкім. Пацыенты, жыхары Браслаўшчыны, ахвяравалі і зямельны ўчастак на Замкавай гары, і неабходныя грошы на будаўніцтва помніка. На яго вяршыні ўспыхнуў яркі агонь, выпраменьваемы 1000-ватнай лямпай, і гэта святло сімвалізавала ўрачэбнае гарэнне слаўнага сына беларускай зямлі. Гэта святло, як сапраўдны "факел Гіпакрата", сёння зноў гарыць над Браславам, і яго зноў можна ўбачыць са шматлікіх азёр і ўзгоркаў, якія акружаюць беларускі горад.

А. Майсяёнак.