Браслаўшчына на старажытных картах і планах

Вельмі часта гісторыкі забываюць аб тым, што карты могуць быць гістарычнымі крыніцамі і з'яўляюцца, часам, адзіным спосабам перадачы пэўнай інфармацыі. Гэта датычыцца нават самых старажытных і вельмі недакладных, з пункту гледжання навукі, карт.

Старыя карты (да канца XVIII ст.) не абапіраліся на тапаграфічную здымку, адсюль вынікае іх недакладнасць як твораў картаграфіі. Інакш іх можна ацаніць з пункту гледжання гісторыі. Старая карта перадае вобраз краю такім, якім яго бачылі сучаснікі. Сучасная тапаграфічная карта дакладна фіксуе выгляд края на сённяшні час. Пры гістарычным і крытычным падыходзе яны разам фіксуюць змены геаграфічнага асяроддзя пад уплывам дзейнасці чалавека, змены як карысныя для чалавецтва, так і непажаданыя, выкліканыя яго неразумнай дзейнасцю.

Якім чынам складваўся картаграфічны вобраз Браслаўшчыны, часткі Вялікага княства Літоўскага і ў болыш шырокім плане Усходняй Еўропы?

У першую чаргу трэба акрэсліць, што разумець пад назвай Браслаўшчына. Цяпер Браслаў з'яўляецца цэнтрам адміністрацыйнага раёна Беларусі. Аднак у розныя гістарычныя перыяды тэрыторыі, цэнтрам якіх быў Браслаў, адрозніваліся. У часы Полацкага княства горад быў цэнтрам удзелу ці воласці, у часы Вялікага княства Літоўскага з'яўляўся цэнтрам павета, які па памерах быў значна болышы, чым сучасны раён. Гэтаму пытанню аддадзена належная ўвага ў працах О. Хедэмана, Л. Аляксеева, 3. Вайткавяка.

Карты XVI -ХVІІ ст. ці зусім не змяшчаюць адміністрацыйных межаў, ці падаюць іх памылкова. Болыш дакладна адлюстроўвалася сетка рэк і азёраў. Таму можна прапанаваць наступныя межы Браслаўшчыны: на захадзе па лініі сучаснай мяжы Беларусі і Літвы, якая прывязваецца да возера Дрысвяты, ракі Дзісны і не надта абразае гістарычны Браслаўскі павет, на поўначы - па лініі сучаснай мяжы Беларусі і Латвіі, участак якой праходзіць па Заходняй Дзвіне, на поўдні і ўсходзе - па рацэ Дзісне. Выявы некаторых мясцовасцей Браслаўшчыны знаходзім на карце С. Пахалавіцкага 1579 г., намаляванай падчас падрыхтоўкі пахода Стэфана Баторыя на Полацак, які пачаў вызваленне паўночных земляў Вялікага княства Літоўскага і Інфлянтаў ад акупацыі войскамі Івана Грознага. У левым ніжнім куце можна знайсці сам Браслаў, а таксама Іказнь, Вяту, Друю, Дзісну, Пагост. Гэта карта з'яўляецца першай картай вялізнай тэрыторыі ВКЛ, падрыхтаваная для ваенных мэтаў. Арыгінал яе ў 1580 г. зроблены ў Рыме ў майстэрні Джаванні Кавальеры і вядомы з рэпрадукцыі Каркунова 1837 г. Але ці з'яўляецца гэта найбольш старажытным адлюстраваннем Браслаўшчыны на еўрапейскіх картах?

У пачатку XVI ст. ў Еўропе ствараюцца першыя карты краін, якія адпавядаюць тагачаснай рэчаіснасці. Падрыхтоўкай да іх з'яўлення стала праца навукоўцаў на працягу папярэдняга XV ст. 3 часоў Рэнесансу ў Еўропе былі распаўсюджаны карты Пталамея (II ст. н. э.), якія ў перамалёўках яшчэ ўжываліся ў XV і XVI ст. У трэцяй чвэрці XV і напачатку XVI ст. яны былі выдадзены з вялікімі зменамі тагачасных вучоных. У першай чвэрці XVI ст. ў картаграфію Еўропы ўводзяцца новыя землі цэнтральнай і ўсходняй часткі кантыненту, у тым ліку тэрыторый Польшчы, Вялікага княства Літоўскага. Падмурак для картаграфіі гэтых тэрыторый паклаў Ян Длугаш, які карыстаўся картамі Пталамея. У прадмове да сваёй гісторыі ён змясціў геаграфічны ўступ пад назвай "Хараграфія". Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага ў ім апісвалася басейнамі рэк Віслы, Одэра, Нёмана, Днястра, Дняпра. У гэтым пераліку няма Дзвіны, але Длугаш не забыўся аб гэтай рацэ, ведаў аб яе існаванні, проста не згадвае яе як перыферыйную. Няма ў "Хараграфіі" інфармацыі і аб Браслаўшчыне.

Важнае месца ў геаграфічнай і картаграфічнай навуцы займае Мацей з Мехава (1457 - 1523 гг.), які выдаў невялікі твор "Tractatus deduabus Sarmatii Asiana et Europiana" (Кракаў, 1517 г., Аўгсбург, 1518 г.) - першае правільнае геаграфічнае, этнаграфічнае і ў пэўнай ступені гістарычнае апісанне краін і народаў Усходняй Еўропы. Галоўнымі мэтамі твору аўтар лічыў выпраўленне памылак старажытных географаў.

Адначасова з працай Мацея з Мехава над трактатам у Кракаве працаваў прафесар універсітэта Бернард Вапоўскі, які ў 1526 г. выдаў тры гравюры на дрэве карты Польшчы (захаваліся толькі два фрагменты) і дзве карты Паўднёвай і Паўночнай "Сарматыі". У суме гэтыя карты перакрывалі ўсю тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад Балтыкі на поўначы да Азова, Малой Азіі, Балкан і Адрыятыкі на поўдні і Одэра на захадзе. Тагачаснымі вучонымі карты Б. Вапоўскага былі вельмі высока ацэнены. Болыш таго, праца Вапоўскага прадвызначыла на 100 гадоў усё развіццё картаграфіі тэрыторыі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. На жаль, той фрагмент, дзе павінен быў быць Браслаў, не захаваўся. Але карта Паўночнай "Сарматыі" абавязкова павінна была адлюстроўваць і Браслаў, і Дрысвяты, бо на ўсіх пазнейшых картах, якія абапіраліся на яе, гэтыя паселішчы пазначаны, таксама як і Іказнь, і Вята. Такім чынам можна канстатаваць, што Браслаў у еўрапейскай картаграфіі з'явіўся ў 1526 г.

На карце Мацея Струбіча, якая ілюстрыравала "Палонію" М. Кромера (Кёльн, 1589 г.), знаходзім ужо шмат мясцовасцей з Браслаўшчыны. У тым ліку такіх як Брацлаў (так запісана), Дзісла, Друя, Дрыса, Іказня. 3 рэк ёсць Дзвіна, Дзісна (з назвамі), Друйка (без назвы).

Багацейшую сетку рэк, гарадоў і замкаў падае карта Меркатара "Літуанія" (1595 г.), якая абапіралася на пазнейшыя рэдакцыі карты М. Струбіча. На гэтай карце і пазней усё XVII ст. Дрысвяты з'яўляюцца па 2 - 3 разы, прычым з рознымі варыянтамі назваў. Напрыклад, у Меркатара: Дрысвят, Дрысвер. На некаторых картах Сансона паловы XVII ст. Дрысвяты пазначаны тройчы. На ўсіх вышэй названых картах ёсць азёры, але далёка не ўсе, нават буйнейшыя, і контуры іх перададзены недакладна.

Карта 1613 г. Радзівілаўская.(зберагаецца ў Упсале, Швеціі)

Найлепшай картай Вялікага княства Літоўскага ажно да сярэдзіны XVIII ст. з'яўляецца карта 1613 г. Радзівілаўская. Падрыхтавана яна была намаганнямі вядомага магната Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі і яго супрацоўнікамі (прозвішчы невядомы), а намалявана гравёрам Т. Макоўскім. Калі правесці назіранні на фрагменце, дзе адлюстравана Браслаўшчына, угледзецца ў суадносіны размяшчэння мястэчак, іншых аб'ектаў карты, то можна прыйсці да высновы, што гэта карта дае надзвычай верны і дакладны вобраз краю. Ва ўсёй еўрапейскай картаграфіі XVI - XVII ст. няма іншай карты, якая ахоплівала б такую велізарную тэрыторыю і настолькі дакладна адлюстроўвала мясцовасці. Гэта карта была і застаецца каштоўнейшым помнікам навуковай думкі Вялікага княства Літоўскага, значэнне якой яшчэ да канца не асэнсавана.

Карта Яна Непшэцкага (1749 г., Нюрнберг)

Першае выданне гэтай карты 1603 г. загінула, а з другога, больш шырокага выдання 1613 г., захаваўся адзіны экземпляр, вывезены шведамі ў час вайны, і які зберагаецца ў Упсале. Можна пералічыць дзесяткі пазнейшых карт, якія на працягу 150 гадоў абапіраліся на карту 1613 г. і падобна ёй перадаюць тэрыторыю Браслаўшчыны. Істотныя змены знаходзім на карце ксяндза езуіта Яна Непшэцкага (1749 г., Нюрнберг), неаднойчы кампіляванай у XVIII ст., дзе папраўлены адміністрацыйныя межы, не зусім дакладна пазначаныя ў Макоўскага.

Вялікую цікавасць для гісторыка ўяўляюць буйнамаштабныя карты і планы. Для Браслаўшчыны адзін з цікавейшых прыкладаў - план вострава на возеры Дрысвяты з арыгінала трэцяй чвэрці XVII ст. Са зместу легенды плана вынікае, што пасля пажару 1622 г. мястэчка згарэла дашчэнту і было перанесена на бераг возера. План дакладна паказвае месцы двух мастоў, якія звязвалі востраў з берагам возера (гэтыя масты не змог лакалізаваць даследчык О. Хедэман). Цікавую і каштоўную інфармацыю могуць утрымліваць і планы XIX ст., пошук і выяўленне якіх у архівах, бібліятэках і музеях можа даць вялікі плён для даследчыка, зацікаўленага ў як мага болыш поўным вывучэнні мінулага свайго краю.

Ст. Александровіч.