3 "ХРОНІКІ БЫХАЎЦА"

ЯК ВЯЛІКІ КНЯЗЬ АЛЯКСАНДР АЖАНІЎСЯ 3 МАСКОЎСКАЮ КНЯЗЁЎНАЙ АЛЕНАЮ


Пасля смерці караля Казіміра ляхі ўзялі сабе каралём сына ягонага каралевіча Альбрахта, а Літва ўзяла сабе вялікім князем яго роднага брата каралевіча Аляксандра. У тым жа годзе, пад зіму, вялікі князь маскоўскі Іван Васільевіч пачаў вайну супраць Вялікага княства Літоўскага і горад Вязьму ўзяў ды іншых гарадоў нямала: Хлепень, Мяшчоўск, Любуцк, Мцэнск, Сярпейск, і воласцяў шмат. Вялікі князь літоўскі Аляксандр і паны - рада Вялікага княства Літоўскага ўбачылі, што вялікі князь маскоўскі, забыўшыся на даканчэнне і крыжацалаванне, якое было між ім ды бацькам Аляксандравым, каралём Казімірам, пайшоў на яго такою вайною безадпаведнаю і нямала гарадоў ды воласцяў пабраў. А князь Аляксандр толькі на пасад уссеў, і таму ў той час яму цяжка было ваяваць з князем маскоўскім. Прыслаў Аляксандр да яго паслоў сваіх: ваяводу Троцкага, маршалка земскага пана Пятра Янавіча, пана троцкага, старасту жамойцкага пана Станіслава Янавіча, маршалка пана Войцеха Янавіча, пісара пана Федзьку Грыгор'евіча.

Яны, прыехаўшы ў Маскву да вялікага князя Івана Васільевіча, узялі з ім вечны мір і даканчанне, і крыжацалаванне на сябе ды на дзяцей сваіх учынілі, і змовілі ў яго дачку ягоную, вялікую князёўну Алену, за вялікага князя Аляксандра. Горад жа Вязьма і ўсе вышэйназваныя гарады і воласці засталіся за вялікім князем маскоўскім, толькі тых смалян, якія ў тых гарадах былі палонены, адпусцілі ў Смаленск.

Дазней, калі наступіў 7003 год ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1495, паслаў вялікі князь Аляксандр у Маскву да князя Івана па князёўну Алену - пана віленскага, намесніка горадзенскага князя Аляксандра Юр'евіча, пана троцкага, намесніка полацкага пана Забярэзінскага, Юр'евага сына, намесніка браслаўскага пана Юр'я Зяноўевіча ды пісара, дзяржаўцу стокліскага пана Федзьку Грыгор'евіча. Яны ж, прыехаўшы ў Маскву, узялі вялікую князёўну Алену і прывязлі яе да Літвы, а з ёю былі пасланы ад бацькі яе, вялікага князя Івана Васільевіча, паслы - князь Сямён Рапалоўскі, Міхайла Русалка, Іван Скуратаў, дзяк Васілій Кулешын. Прывезлі яе да горада Вільні за два тыдні да вялікіх запустаў. I вялікі князь Аляксандр з усімі панамі раднымі і з дваранамі і з многімі людзьмі сустрэў яе, з'ехаўшы з гор, і разам яны ўехалі ў горад Вільню. I было там наладжана вялікае вяселле, як вялікім гаспадарам належыць, і было тое вяселле некалькі тыдняў, а пасля таго паслы маскоўскія з вялікаю пашанаю ды з багатымі дарамі былі адпушчаны дадому. У тым жа горадзе прыехалі ў Вільню да князя Аляксандра маці ягоная каралева Альжбета з сынам сваім, братам Аляксандравым, каралевічам Фрэдэрыкам, з кардыналам і арцыбіскупам кароны Польскае, біскупам кракаўскім і дзвюма дочкамі - каралеўнамі Барбараю ды Альжбетаю. Вялікі князь прыняў іх з вялікай радасцю, балі ды невымоўныя забавы на шмат дзён учыніў ім, як добры сын ласкавай матцы і як верны брат любімаму брату. І жылі яны ў Вільні доўгі час і, пабачыўшы нявестку сваю, вялікую княгіню Алену, з вялікаю пашанаю і велекаштоўнымі дарамі да ляхаў вярнуліся.

Полымя. 1993, № 12, с.200-201.